Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Мера справядлівасці — не колькасць, а паўната»
Слова Папы
08.11.2015 16:36

Сапраўдная любоў здзяйсняецца не з таго, што лішняе, а з самага неабходнага, адзначыў Папа Францішак у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 8 лістапада.

«Евангельскі ўрывак на гэтую нядзелю складаецца з дзвюх частак: у адной з іх апісваецца, якімі не павінны быць вучні Хрыста, а ў іншай прапануецца ўзорны ідэал хрысціяніна, –сказаў Пантыфік. – Пачнем з першай: як не павінны рабіць. У першай частцы Езус ставіць у папрок кніжнікам, настаўнікам закону, тры хібы, якія дэманструюць іх стыль жыцця: пыху, прагнасць і крывадушнасць. Яны любяць “прывітанні на рынках, і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах” (Мк 12, 38-39). Але за гэтымі ўрачыстымі маскамі хаваюцца падман і несправядлівасць. У той час як яны фанабэрыліся перад людзьмі, выкарыстоўвалі свой аўтарытэт, каб “аб’ядаць дамы ўдоваў” (пар. 40), якія лічыліся, разам з сіротамі і чужынцамі, самымі безабароннымі і неабароненымі асобамі. Нарэшце, кніжнікі “доўга моляцца напаказ” (40). Таксама і сёння існуе рызыка пераймання падобных паводзінаў. Напрыклад, калі малітва аддзяляецца ад справядлівасці, бо нельга аддаваць пашаны Богу і чыніць шкоду бедным. Або калі гаворыцца аб любові да Бога, але на першае месца ставіцца ўласная ганарыстасць, уласная выгада.

Такой лініі адпавядае другая частка сённяшняга Евангелля. Падзеі адбываліся ў ерузалемскай святыні, а менавіта ў месцы, дзе людзі кідалі манеты ў якасці ахвяры. Там было мноства багатых, якія кідалі шмат манет, і бедная жанчына, удава, якая паклала толькі дзве малыя манеткі. Езус уважліва назіраў за гэтай жанчынай і звярнуў увагу вучняў на рэзкі кантраст гэтай сцэны.

Багатыя давалі з вялікім самахвальствам тое, што было для іх лішняе, у той час як удава, са сціпласцю і пакорай, дала “ўсё, што мела, увесь пражытак свой” (44); таму – кажа Езус – яна дала больш за ўсіх. Па прычыне сваёй крайняй беднасці яна магла бы пакласці на святыню толькі адну манету, а іншую пакінуць сабе. Але яна не хацела даваць Богу палову: пазбавілася ўсяго. У сваёй беднасці яна зразумела, што, маючы Бога, мае ўсё; яна адчула сябе цалкам любімай Ім і, у сваю чаргу, цалкам любіла Яго. Які цудоўны прыклад дае гэтая пажылая жанчына.

Сёння Езус кажа таксама і нам, што мерай справядлівасці з’яўляецца не колькасць, але паўната. Існуе розніца паміж колькасцю і паўнатой. Можаш мець шмат грошай, але быць пустым: мець ненапоўненае сэрца. Падумайце на працягу гэтага тыдня аб розніцы паміж колькасцю і паўнатой. Гэта пытанне не кашалька, але сэрца. Ёсць розніца паміж кашальком і сэрцам. Існуюць сардэчныя хваробы, якія прыніжаюць сэрца да ўзроўню кашалька, і гэта кепска! Любіць Бога “ўсім сэрцам” азначае давяраць Яму, Яго Провіду, служыць Яму ў самых бедных братах, не чакаючы нічога наўзаем.

Дазволю сабе распавесці вам анекдот, які здарыўся ў маёй былой дыяцэзіі. За сталом сядзела маці з трыма сынамі. Іх бацька быў на працы. Яны елі катлеты па-міланску, і ў гэты момант ў дзверы пастукалі. Адзін з гэтых малых сыноў – пяці, шасці гадоў – пайшоў адчыніць. Ён вярнуўся і сказаў: “Мама, там жабрак, які просіць есці”. Маці, якая была добрай хрысціянкай, спытала ў іх: “Што будзем рабіць?” Яны адказалі: “Дадзім яму!” — “Добра!” Маці ўзяла нож і відэлец і пачала адразаць па палове ад кожнай катлеты. “Не, маці, не так! Вазьмі з халадзільніка!” — пачалі пратэставаць дзеці. Але маці сказала: “Зробім яму тры сэндвічы менавіта так!” Такім чынам дзеці навучыліся, што сапраўдная любоў заключаецца ў тым, каб даваць, яна здзяйсняецца не з таго, што застаецца, але з таго, што патрэбнае. Я ўпэўнены, што ў той вечар яны ўсе засталіся крыху галоднымі. Але гэта робіцца так.

Перад абліччам патрэбаў бліжняга мы пакліканы пазбавіцца – як гэтыя дзеці паловы катлеты – усяго патрэбнага, а не толькі лішняга; мы пакліканы даваць неабходны час, а не толькі той, які застаецца; мы пакліканы, неадкладна і не пакідаючы для сябе нічога, дзяліцца сваімі талентамі, а не пасля таго, як выкарыстаем іх дзеля асабістых мэтаў ці мэтаў групы.

Папросім Пана прыняць нас у школу гэтай беднай удавы, якую Езус, на здзіўленне вучняў, узняў на кафедру і прадстаўляе нам як настаўніцу жывога Евангелля. Праз заступніцтва Марыі, беднай жанчыны, якая ахвяравала ўсё сваё жыццё Богу дзеля нас, папросім аб дары сэрца беднага, але багатага радаснай і бескарыслівай шчодрасцю».

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі Пантыфік пажадаў усім добрай нядзелі і заклікаў памятаць пра яго ў малітве.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.