На агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 11 лістапада Папа адзначыў важнасць сумеснага правядзення часу ў сямейным асяроддзі. Яго сапраўднай «іконай», па словах Святога Айца, з’яўляецца сям’я, сабраная вакол нядзельнага стала.
Як адзначыў Пантыфік, дзяленне пасілкам, а таксама пачуццямі, аповедамі, падзеямі — гэта фундаментальны досвед. «Калі прыходзіць свята, дзень нараджэння, юбілей — людзі збіраюцца вакол стала. У некаторых культурах так прынята рабіць таксама з нагоды жалобы, каб пабыць побач з тымі, хто перажывае боль з прычыны страты блізкага чалавека», — заўважыў Папа.
«Прабыванне за адным сталом — гэта надзейны тэрмометр для вымярэння здароўя адносін: калі ў сям’і нешта ідзе не так ці прысутнічае якая-небудзь схаваная рана, за сталом гэта разумеецца адразу. Сям’я, якая амаль ніколі не спажывае ежу разам ці ў якой за сталом не размаўляюць, а глядзяць у тэлевізар ці ў смартфон, з’яўляецца “не да канца сям’ёй”. Калі дзеці за сталом прывязаны да камп’ютара, тэлефона і не слухаюць адзін аднаго, гэта не сям’я — гэта пансіянат», — сказаў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў, што ў хрысціянстве супольнае прыбыванне за сталом мае глыбокае значэнне. Менавіта за сталом Езус ахвотна вучыў апосталаў і часам прадстаўляў Валадарства Божае ў якасці святочнага прыёму. Езус выбраў стол таксама і для таго, каб перадаць свой духоўны запавет, заключаны ў Эўхарыстыі, дадаў Папа.
«У такой перспектыве мы можам сказаць, што сям’я на святой Імшы знаходзіцца ў сябе “дома”, паколькі прыносіць у Эўхарыстыю ўласны досвед супольнага прабывання за сталом і адкрывае сябе на ласку паўсюднага святочнага прыёму, любові Бога да свету. Прымаючы ўдзел у Эўхарстыі, сям’я ачышчаецца ад спакусы самаізаляцыі, будучы ўмацаванай любоўю і вернасцю, і пашырае межы ўласнага братэрства паводле Сэрца Хрыста», — сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што ўмацаваныя Эўхарыстыяй сем’і могуць перамагачы закрытасць і будаваць масты прыняцця і любові. Эўхарыстыя — гэта «школа чалавечай інтэграцыі, якая не баіцца выклікаў», заўважыў Святы Айцец. «Не існуе такіх малых, сірот, слабых, безабаронных, параненых і засмучаных, разгубленых і пакінутых, якіх эўхарыстычнае прабыванне сем’яў за супольным сталом не можа насыціць, умацаваць, абараніць і прыняць у госці», — адзначыў Папа.
Па словах Святога Айца, многія сацыяльныя сітуацыі перашкаджаюць прабыванню сем’яў разам. «За сталом трэба размаўляць, слухаць адзін аднаго. Не павінна быць ніякага маўчання. Не таго маўчання, якое бывае ў законніц, але эгаістычнага, калі кожны мае нешта сваё, тэлевізар ці камп’ютар, і замаўкае (...) Неабходна вярнуць сямейнае прабыванне за супольным сталом, няхай і адаптуючы яго да нашага часу», — заклікаў Пантыфік.
Папа пажадаў, каб за супольным сямейным сталом знаходзілася месца для ўсіх, таксама для тых, каму не хапае ежы і любові. Гэта Пантыфік назваў «жывым і жыццядайным запаветам хрысціянскіх сем’яў, які апярэджвае, падтрымлівае і ахоплівае ў дынамізме сваёй гасціннасці штодзённыя цяжкасці і радасці, супрацоўнічае з ласкай Эўхарыстыі, якая заўсёды ў стане ствараць усё новае і новае адзінства праз сваю сілу, якая прымае і збаўляе».
Па словах Папы, менавіта такім чынам хрысціянская сям’я можа прадэманстраваць шырыню свайго гарызонту, які з’яўляецца гарызонтам Касцёла — Маці ўсіх людзей, усіх пакінутых і маргіналізаваных, ва ўсіх народах.
Сваю катэхезу Пантыфік завяршыў заклікам да малітвы, каб Юбілей Міласэрнасці, які хутка пачнецца ў Касцёле, умацаваў жаданне сем’яў быць разам, збірацца за адзіным сталом.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|