Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Касцёл — брамнік Божага дому, а не яго гаспадар
Слова Папы
18.11.2015 16:11

Папа Францішак заклікаў адчыніць дзверы сем’яў, гарадоў і грамадстваў. На пачатку агульнай аўдыенцыі 18 лістапада Святы Айцец нагадаў, што з набліжэннем Юбілейнага Года Касцёл апынуўся на парозе вялікай і шырока адчыненай брамы Божай Міласэрнасці.

Яшчэ падчас Сінода Біскупаў, які прайшоў у Ватыкане ў кастрычніку, ён «быў заахвочаны адчыніць свае дзверы, каб выйсці з Панам насустрач пілігрымуючым сынам і дочкам, часам няўпэўненым, часам разгубленым у гэтыя складаныя часы», — заўважыў Пантыфік.

«Хрысціянскія сем’і асаблівым чынам былі заахвочаны адчыніць дзверы Пану, які чакае, каб увайсці, несучы сваё благаслаўленне і сяброўства. Калі дзверы Божай Міласэрнасці заўсёды адчынены, таксама і дзверы нашых касцёлаў, дзверы любові нашых супольнасцяў, нашых парафій, нашых структур, дыяцэзій, павінны быць заўсёды адчынены, бо так мы ўсе зможам выйсці і несці гэту Божую Міласэрнасць. Юбілей адзначае адкрыццё вялікіх дзвярэй Божай Міласэрнасці, але таксама і малых дзвярэй нашых касцёлаў, каб дазволіць Пану ўвайсці, а часта і выйсці са зняволення ў нашых структурах, эгаізме і іншых рэчах», — сказаў Папа.

Cвяты Айцец заўважыў, што ў свеце існуе шмат месцаў, дзе людзі ніколі не зачыняюць дзверы сваіх дамоў на ключ. У той жа час шмат дзе металічныя дзверы сталі звычайнай з’явай. «Мы не павінны паддавацца ідэі аб неабходнасці дастасавання гэтай сістэмы, якая таксама з’яўляецца сістэмай бяспекі, да ўсяго нашага жыцця, жыцця сем’яў, гарадоў, грамадства. І тым больш да жыцця Касцёла. Гэта будзе жудасна! Негасцінны Касцёл, як і сям’я, закрытая ў сабе, робіць нежывым Евангелле і высушвае свет. Не павінна быць ніякіх мураваных дзвярэй у Касцёле! Усё павінна быць адкрытым!» — заклікаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што ўваходныя брамы і межы павінны бараніць людзей, а не адштурхоўваць. У сувязі з гэтым Папа звярнуўся да людзей, якія выконваюць абавязкі ахоўнікаў ці вахцёраў у розных структурах, у тым ліку каталіцкіх, каб сваёй ветлівасцю і адкрытасцю давалі ўяўленне пра чалавечнасць і гасціннасць усяго дому. Святы Айцец заўважыў, што ў свеце ёсць шмат людзей, якія згубілі давер і не маюць адвагі, каб пастукацца ў дзверы сэрца хрысціян і дзверы касцёлаў.

Папа Францішак назваў вернікаў ахоўнікамі і слугамі Божай брамы, якой з’яўляецца Езус, заклікаў наследаваць прыклад евангельскага брамніка, які слухае голас пастыра і адчыняе яму дзверы, а той упускае авечак. «Авечак выбірае не брамнік, не парафіяльны сакратар ці сакратарыят. Авечкі запрошаны ўсе, а выбраны яны Добрым Пастырам. Брамнік паслухмяны голасу Пастыра. Можам сказаць, што таксама і мы павінны быць, як гэты брамнік. Касцёл — гэта брамнік Божага дому, а не яго гаспадар», — сказаў Папа.

На заканчэнне сваёй катэхезы Папа Францішак звярнуўся з заклікам да хрысціянскіх сем’яў, каб ператварылі парог сваіх дамоў у малы знак брамы міласэрнасці і гасціннасці Бога. «Менавіта такім чынам Касцёл павінен распазнавацца ў кожным кутку зямлі: у якасці абаронцы Бога, які стукаецца, у якасці гасціннасці Бога, які не зачыняе дзвярэй перад носам, апраўдваючыся тым, што ты тут не жывеш», — сказаў Папа. Святы Айцец заахвоціў вернікаў трымаць адчыненымі брамы сваіх сэрцаў, прымаць усіх, хто стукаецца ў іх, каб атрымаць Божае прабачэнне і несці яго іншым.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.