Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Валадарства Езуса не прыгнятае нас, а вызваляе ад слабасцяў і пакут»
Слова Папы
23.11.2015 16:45

Хрыстус з’яўляецца сапраўдным Валадаром Сусвету, і Яго Валадарства заснавана на пакоры і бескарыслівай любові, патлумачыў Святы Айцец падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» 22 лістапада ў Ватыкане.

«У гэтую апошнюю нядзелю літургічнага года мы адзначаем урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, – нагадаў Папа. – І сёння Евангелле запрашае нас да сузірання Езуса, калі ён прадстае перад Пілатам як галава Валадарства “не з гэтага свету” (Ян 18, 36). Гэта не азначае, што Хрыстус – гэта Валадар іншага свету, Ён Валадар па-іншаму, аднак у гэтым свеце. Гаворка ідзе пра супрацьпастаўленне двух відаў логікі. Логіка свету заснавана на амбіцыях і суперніцтве, змагаецца зброяй страху, шантажу і маніпуляцый сумленнем. Логіка Евангелля, якую абвясціў Езус, выражаецца ў сваю чаргу ў пакоры і самаахвярнасці, атрымоўвае прызнанне ў маўчанні, але эфектыўна, сілай ісціны. Валадарствы гэтага свету часта заснаваны на ганарыстасці, суперніцтве, прыгнёце; Валадарства Хрыста – гэта “Валадарства справядлівасці, любові і міру”.

Калі Езус аб’яўляе сябе як Валадар? У гісторыі крыжа! Той, хто глядзіць на крыж Хрыста, бачыць дзіўную самаадданасць у любові. Хтосьці з вас можа сказаць: “Але ж, ойча, гэта было падзенне!” Менавіта ў падзенні з-за граху – грэх з’яўляецца падзеннем – у падзенні, выкліканым чалавечымі амбіцыямі, ёсць трыумф Крыжа, самаадданасць любові. У падзенні Крыжа можна ўбачыць любоў; тую любоў, якая з’яўляецца самаадданай, якую дае нам Езус. Для хрысціяніна размова пра сілу і моц з’яўляецца спасылкай на сілу Крыжа і сілу любові Езуса: любові, якая застаецца моцнай і непашкоджанай нават ва ўмовах адмовы і якая выяўляецца ў спаўненні жыцця, пражытага ў поўнай ахвяры сябе ў інтарэсах чалавецтва.

На Галгоце мінакі і правадыры народу здзекваліся з Езуса, прыбітага да крыжа, і кінулі яму выклік: “уратуй сябе самога, сышоўшы з крыжа!” (Мк 15, 30) “Уратуй сябе самога”, – але, як гэта ні парадаксальна, ісціна Езуса менавіта тая, якую з пагардай і абвінавачваннем агучваюць Яго апаненты: “сябе не можа ўратаваць” (Мк 15, 31). Калі б Езус сышоў з крыжа, паддаўся б спакусе князя гэтага свету. Між тым, Ён не можа выратаваць сябе менавіта таму, што прыйшоў, каб выратаваць іншых, каб збавіць іншых. Таму Ён аддаў сваё жыццё за нас, за ўсіх нас. Гэта праўда, што можна сказаць: “Езус аддаў сваё жыццё за свет”, але яшчэ больш цудоўна сказаць: “Ён аддаў сваё жыццё за мяне”, каб магчы збавіць кожнага з нас ад нашых грахоў.

І хто гэта зразумеў? Гэта зразумеў адзін са злачынцаў, які быў укрыжаваны побач з Ім, якога называюць “добрым злодзеем” і які просіць Яго: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства” (Лк 23, 42). Але гэта быў злачынец, нехта вельмі сапсуты. І ён быў асуджаны менавіта за ўсё зло, якое здзейсніў у сваім жыцці. Аднак здолеў разгледзець справы Езуса, у Яго дабрыні любоў. І гэта сіла Валадарства Хрыста – любоў. Таму Валадарства Езуса не прыгнятае нас, а вызваляе ад нашых слабасцяў і пакут, заахвочваючы нас прытрымлівацца шляху дабрыні, прымірэння і прабачэння. Паглядзім на Крыж Езуса, паглядзім на добрага злодзея і скажам усё тое, што сказаў ён: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства”. Трэба прасіць Езуса, калі мы адчуваем сябе слабымі, грэшнымі, пераможанымі, паглядзець на сябе і сказаць: “Ты там ёсць. Не забудзься пра мяне!”

Перад абліччам такой колькасці слёз у свеце і занадта шматлікіх ран на целе чалавецтва будзем прасіць Панну Марыю, каб дапамагала нам у нашай спробе ісці за Езусам, нашым Валадаром, рэалізуючы Яго Валадарства жэстамі пяшчотнага клопату, разумення і міласэрнасці».

На заканчэнне сваёй нядзельнай сустрэчы з вернікамі Папа Францішак папрасіў іх аб малітве за яго падарожжа ў Афрыку, якое пачынаецца праз некалькі дзён.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.