Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 2 снежня Папа Францішак распавёў вернікам пра сваё нядаўняе падарожжа ў Афрыку, у рамках якога наведаў Кенію, Уганду і Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку.
Святы Айцец выказаў падзяку грамадзянскім і касцёльным уладам гэтых краін, а таксама ўсім, хто дапамагаў у арганізацыі падарожжа.
Каментуючы свой візіт у Кенію, Папа падкрэсліў, што гэтая краіна «ўяўляе сабой глабальны выклік нашай эпохі», які тычыцца клопату пра стварэнне праз змену мадэлі развіцця ў бок роўнасці, інклюзіўнасці і ўстойлівасці. Пантыфік назваў «агіднасцю» суіснаванне багацця і крайняй беднасці, сведкам чаго ён стаў у Найробі і што існуе ў іншых частках свету. Святы Айцец нагадаў, што пры кожнай нагодзе запрашаў кенійцаў моцна цаніць вялікае прыроднае і духоўнае багацце сваёй краіны, якое складаюць прыродныя рэсурсы, дзеці і моладзь і каштоўнасці, якія фарміруюць мудрасць народа.
«У гэтым вельмі драматычным сённяшнім кантэксце я быў рады прынесці Езусавы словы надзеі: “Будзьце моцнымі ў веры, не бойцеся!” Гэта быў дэвіз візіту. Словы, якімі штодзённа жыве мноства сціплых і простых людзей са шляхетнай годнасцю; словы, якім далі трагічнае і гераічнае сведчанне юнакі і дзяўчаты ўніверсітэта ў Гарысе, забітыя 2 красавіка, толькі таму, што былі хрысціянамі. Іх кроў з’яўляецца зернем міру і братэрства для Кеніі, для Афрыкі і ўсяго свету», – сказаў Пантыфік.
Візіт ва Уганду, па словах Папы, прайшоў пад знакам мучанікаў гэтай краіны, 50-годдзе гістарычнай кананізацыі якіх адзначаецца сёлета. Па гэтай прычыне дэвізам візіту Пантыфіка сюды былі словы «Будзьце Маімі сведкамі». Святы Айцец высока адзначыў сведчанне і адданую працу мясцовых катэхетаў, супрацоўнікаў каталіцкіх дабрачынных структур, моладзі, якая, нягледзячы на цяжкасці, захоўвае дар надзеі і спрабуе жыць згодна з Евангеллем, ідучы супраць плыні.
«Сведкамі з’яўляюцца і святары, і кансэкраваныя асобы, якія штодзённа абнаўляюць сваё поўнае “так” Хрысту і з радасцю прысвячаюць сябе служэнню святому Божаму народу. (...) Усё гэтае шматбаковае сведчанне, натхнёнае Святым Духам, з’яўляецца зачынам для ўсяго грамадства, як паказвае плённая дзейнасць, праведзеная ва Угандзе ў справе барацьбы са СНІДам і ў прыняцці бежанцаў», – падкрэсліў Папа Францішак.
Трэцім этапам падарожжа Святога Айца была Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка – «геаграфічнае сэрца кантынента». Папа прызнаўся, што задумаў сваё падарожжа ў Афрыку менавіта з жадання наведаць гэтую краіну, якая спрабуе выйсці з вельмі складанага перыяду гвалтоўных канфліктаў і вялікіх пакутаў. Па гэтай прычыне Пантыфік пажадаў адкрыць першыя Святыя дзверы Юбілею Міласэрнасці менавіта ў яе сталіцы, Бангі.
«Я ўчыніў гэта ў знак веры і надзеі для гэтага народа і як сімвалічны жэст для ўсіх самых патрабуючых падтрымкі і суцяшэння афрыканскіх народаў. Заклік Езуса да вучняў “Пераправімся на другі бераг” быў дэвізам у Цэнтральнай Афрыцы. “Пераправіцца на іншы бераг” у грамадскім сэнсе азначае пакінуць за плячыма вайну, падзелы, беднасць і выбраць мір, згоду і развіццё. Але гэта прадугледжвае таксама і “пераправа”, якая здзяйсняецца ў сумленнях, паводзінах і жаданнях людзей. На гэтым узроўні вызначальнай з’яўляецца апора на рэлігійныя супольнасці», – сказаў Папа.
Святы Айцец выказаў удзячнасць шматлікім місіянерам, якія адмовіліся ад усяго і часам у экстрэмальных умовах працуюць ў Афрыцы. Пантыфік распавёў, што сустрэўся з 81-гадовай законніцай, якая мае медыцынскую адукацыю і займаецца місійнай дзейнасцю на кантыненце з 23 гадоў. За гэты час яна прысутнічала пры нараджэнні 3280 дзяцей. «Усё жыццё дзеля жыцця, усё жыццё для іншых. Такіх, як гэтая законніца, мноства: законніц, святароў, законнікаў, якія спальваюць сваё жыццё дзеля абвяшчэння Езуса Хрыста. Цудоўна бачыць гэта», – сказаў Папа.
Святы Айцец звярнуўся да моладзі з заклікам паразважаць аб сваіх жыццёвых мэтах і не выключаць з іх магчымасці стаць місіянерамі, каб несці любоў, чалавечнасць і веру ў іншыя краіны.
Напрыканцы катэхезы Папа заклікаў вернікаў разам праслаўляць Бога за гэты візіт у Афрыку і кіравацца ў жыцці Яго ключавымі словамі: «Будзьце моцнымі ў веры, не бойцеся», «Будзьце Маімі сведкамі», «Пераправімся на іншы бераг».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|