Зачынены розум і жорсткае сэрца з’яўляюцца перашкодай да сапраўднага і пастаяннага навяртання, да якога заклікае Евангелле, падкрэсліў Папа Францішак y разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» ў Ватыкане 6 снежня.
«У гэтую Другую нядзелю Адвэнту літургія запрашае нас у школу Яна Хрысціцеля, які “прапаведаваў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў” (Лк 3, 3), - нагадаў Папа. - Можа з’явіцца пытанне: “Чаму мы павінны пакаяцца? Навяртанне датычыцца людзей, якія былі атэістамі, а сталі вернікамі, ператварыліся з грэшнікаў у праведнікаў, але мы не патрабуем навяртання. Мы ўжо хрысціяне і, такім чынам, мы ў парадку”. Але гэта не так. Думаючы так, мы не разумеем, што павінны навярнуцца менавіта з гэтай ганарлівасці: што мы хрысціяне, што мы цудоўныя, што ўсё ў парадку. Што менавіта з гэтай прэзумпцыі мы і павінны навярнуцца, з прэзумпцыі, што ўсё ў прынцыпе выдатна і ў нас няма патрэбы ў пакаянні.
Але давайце паспрабуем спытаць сябе: “Ці праўда, што ў розных сітуацыях і акалічнасцях жыцця мы маем тыя ж пачуцці, што і Езус? Ці праўда, што мы адчуваем тое ж, што і Езус?” Напрыклад, калі нас крыўдзяць або зневажаюць, ці рэагуем мы без крыўды і са шчырым дараваннем тым, хто просіць прабачэння? Як цяжка дараваць! Як цяжка – “Ты заплоціш мне за ўсё!” – гэтае слова выходзіць знутры. Ці ўмеем мы, калі мы пакліканы да ўдзелу ў радасці і смутку, шчыра плакаць з тымі, хто плача, і радавацца з тымі, хто радуецца? Калі мы павінны засведчыць нашу веру, ці ўмеем мы зрабіць гэта з мужнасцю і прастатой, не саромячыся Евангелля? І, такім чынам, мы можам ставіць сабе шмат пытанняў. Мы не “ў парадку”. Мы заўсёды павінны навяртацца. Мець такія ж пачуцці, што і Езус.
Голас Яна Хрысціцеля разносіцца таксама і на сённяшніх пустынях чалавецтва. Якія яны – гэтыя пустыні? Гэта зачыненыя розумы і жорсткія сэрцы. Ён мабілізуе нас да пытання: ці мы на самой справе ідзём правільным шляхам, жывем паводле Евангелля? Сёння, як і тады, ён павучае нас словамі прарока Ісаі: “падрыхтуйце дарогу Пану” (Лк 3, 4). Гэта настойлівае запрашэнне да адкрыцця нашых сэрцаў і прыняцце збаўлення, якое Бог бесперапынна прапануе нам, амаль упарта, таму што хоча, каб мы ўсе вызваліліся ад рабства граху. І тэкст прарока пашырае гэта пасланне, абвяшчаючы, што “ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне” (Лк 3, 6). Збаўленне прапануецца кожнаму чалавеку, кожнаму народу, без выключэння, кожнаму з нас. Ніхто з нас не можа сказаць: “Я святы, я дасканалы, я збаўлены”. Не заўсёды мы прымаем гэтую прапанову збаўлення, і менавіта таму мы пачынаем Год Міласэрнасці, каб рухацца па шляху збаўлення, шляху Езуса. Таму што Бог хоча, каб усе людзі былі збаўлены праз Езуса Хрыста, адзінага пасрэдніка (пар. 1 Цім 2, 4-6).
Такім чынам, кожны з нас закліканы дазволіць пазнаць Езуса тым, хто яшчэ не ведае Яго. Але гэта не практыка празелітызму – гэта адкрыванне дзвярэй. “Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля” (1 Кар 9, 16), - сцвярджае святы Павел. Калі Пан Езус змяніў наша жыццё і змяняе яго кожны раз, калі мы ідзём да Яго, як мы можам не адчуваць запалу пазнаёміць з Ім людзей, якіх мы сустракаем на працы, у школе, дома, у бальніцы, у месцах сустрэч? Калі мы паглядзім навокал, мы знойдзем людзей, якія былі б у стане пачаць або пачаць нанова падарожжа веры, калі б сустрэлі хрысціян, замілаваных Езусам. Ці мы не павінны і ці не маглі б мы быць гэтымі хрысціянамі? Я пакідаю вам пытанне: “Ці сапраўды я захапляюся Езусам; ці я перакананы, што Езус прапануе мне і дае мне збаўленне?” А калі я замілаваны, павінен зрабіць так, каб Яго ведалі! Мы павінны быць мужнымі, каб зраўняць горы ганарыстасці і суперніцтва, запоўніць ямы, выкапаныя абыякавасцю і апатыяй, выпрастаць шляхі нашай ляноты і нашых кампрамісаў.
Няхай нам дапаможа Дзева Марыя, Маці, якая ведае, як зрабіць так, каб мы бурылі муры і перашкоды, якія робяць немагчымым наша навяртанне, наша падарожжа на сустрэчу з Панам. Толькі Ён, толькі Езус можа споўніць усе надзеі чалавека!»
На заканчэнне сустрэчы Папа Францішак папрасіў вернікаў аб малітве ў сваёй інтэнцыі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|