Перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа Францішак нагадаў, што Марыя была першай, каго Бог збавіў праз сваю бясконцую міласэрнасць.
«Няхай праз заступніцтва Беззаганнай Марыі міласэрнасць паселіцца ў нашых сэрцах і пераменіць усё наша жыццё», — пажадаў Пантыфік.
Святы Айцец перакананы, што Маці Божая з’яўляецца першым плёнам збаўлення, якім Пан жадае адарыць кожнага чалавека. Па гэтай прычыне, дадаў Папа, Панна Марыя з’яўляецца «іконай Божай Міласэрнасці», трэба сузіраць Яе з даверлівай любоўю і ісці за Яе прыкладам.
Пантыфік падкрэсліў два фундаментальныя значэнні ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Па словах Папы, яна заахвочвае людзей да поўнага прыняцця Бога і Яго міласэрнай ласкі ў жыцці і запрашае да перамянення ў сапраўдных будаўнікоў міласэрнасці.
Святы Айцец заклікаў браць прыклад з Марыі і праз штодзённае «так», сказанае Божай волі, перамагаць эгаізм, рабіць радасным жыццё бліжніх і дарыць ім надзею. «Мы пакліканы, па прыкладзе Марыі, несці Хрыста і быць сведкамі Яго любові, гледзячы перш за ўсё на тых, якія з’яўляюцца прывілеяванымі ў вачах Езуса», — сказаў Пантыфік.
Напрыканцы свайго разважання Папа пажадаў вернікам, каб Найсвяцейшая Панна дапамагала ім усё больш і больш адкрываць Божую Міласэрнасць — рысу, якая адрознівае хрысціян.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|