Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Хто навяртаецца і набліжаецца да Пана, адчувае радасць»
Слова Папы
14.12.2015 13:00

У разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 13 снежня Папа Францішак заклікаў умацоўваць сваю веру, каб быць здольнымі прыняць Бога радасці, Бога міласэрнасці, які жадае жыць сярод сваіх дзяцей.

«У сённяшнім Евангеллі прысутнічае пытанне, якое ўздымаецца тройчы: “Што мы павінны рабіць?” (Лк 3, 10.12.14) – сказаў Святы Айцец. – Яго скіроўваюць да Яна Хрысціцеля тры катэгорыі людзей: першая – проста натоўп; другая – мытнікі, гэта значыць зборшчыкі падаткаў; і трэцяя – некаторыя жаўнеры. Кожная з гэтых груп пыталася ў прарока аб тым, што павінна рабіць, каб здзейсніць навяртанне, якое ён прапаведваў. Натоўпу Ян адказаў, што трэба дзяліцца рэчамі першай неабходнасці (...): “Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае” (11). Затым, другой групе – зборшчыкам падаткаў – Ён сказаў не патрабаваць больш за тую суму, якая дазволена (пар. 13). Што значыць гэта? – Не браць хабару. Хрысціцель вельмі дакладны. Трэцяй групе – жаўнерам – ён сказаў не вымагаць нічога ні ў каго, але задавольвацца сваёю платаю (пар. 14). Гэта тры адказы на тры пытанні гэтых груп. Тры адказы для аднаго шляху навяртання, які праяўляецца ў канкрэтных учынках справядлівасці і салідарнасці. Гэта шлях, які Езус указвае ва ўсім сваім прапаведванні: шлях дзейснай любові да бліжняга.

З гэтых заўвагаў Яна Хрысціцеля мы разумеем, якія асноўныя схільнасці мелі тыя, хто ў той час утрымліваў уладу, у яе розных формах. Не шмат змянілася з таго часу. Тым не менш, ні для адной з гэтых трох груп не быў закрыты шлях навяртання, каб дасягнуць збаўлення, нават для мытнікаў, якіх лічылі грэшнікамі па вызначэнні. Нават для іх не закрыта збаўленне. Бог не пазбаўляе нікога магчымасці збавіцца. Ён – можна так сказаць – клапоціцца пра тое, каб выкарыстаць міласэрнасць, выкарыстаць для ўсіх і прыняць кожнага ў пяшчотныя абдымкі прымірэння і прабачэння.

Гэтае пытанне – што мы павінны рабіць? – неабходна адчуць таксама і нам. Сённяшняя літургія паўтарае нам, праз словы святога Яна, што неабходна навярнуцца, неабходна змяніць напрамак руху і ўзяць шлях справядлівасці, салідарнасці, сціпласці: гэта важныя каштоўнасці цалкам чалавечага і па-сапраўднаму хрысціянскага жыцця. Навяртайцеся! Гэта абагульненне паслання Хрысціцеля. І літургія гэтай Трэцяй нядзелі Адвэнту дапамагае нам адкрыць асаблівае вымярэнне навяртання: радасць. Хто навяртаецца і набліжаецца да Пана, адчувае радасць. Прарок Сафонія кажа нам сёння: “Радуйся, дачка Сіёна!” (Саф 3,14), звяртаючыся да Ерузалема; а апостал Павел заклікае хрысціян Філіпіі: “Радуйцеся заўсёды ў Пану” (Філ 4, 4). Сёння неабходна адвага, каб казаць аб радасці, і перш за ўсё – вера! Свет пакутуе ад шматлікіх праблем, будучыня абцяжарана невядомасцю і страхамі. Аднак хрысціянін – гэта радасны чалавек, і яго радасць – гэта не штосьці павярхоўнае і эфемернае, але глыбокае і стабільнае, таму што гэты дар Пана напаўняе жыццё. Наша радасць паходзіць з упэўненасці ў тым, што “Пан блізка” (Філ 4, 5): Ён блізка, са сваёй пяшчотнасцю, міласэрнасцю, прабачэннем і любоўю.

Панна Марыя няхай дапаможа ўмацаваць нашу веру, каб мы былі здольнымі прыняць Бога радасці, Бога міласэрнасці, які заўсёды жадае жыць сярод сваіх дзяцей. Наша Маці няхай навучыць нас падзяляць слёзы тых, хто плача, каб быць здольнымі падзяляць таксама і ўсмешку».

Пасля малітвы Пантыфік нагадаў, што 13 снежня ва ўсіх катэдральных касцёлах свету адчыняюцца Святыя Дзверы. Папа заклікаў, каб Дзверы Міласэрнасці былі таксама адкрыты ў месцах нястачы і адчужэння. У сувязі з гэтым Святы Айцец прывітаў зняволеных у турмах ва ўсім свеце.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.