Папа Францішак: здзіўляцца бліжнім, гісторыяй і Касцёлам |
Слова Папы |
21.12.2015 12:42 |
Каб плённа адзначыць Божае Нараджэнне, трэба навучыцца здзіўляцца тром рэчам: бліжнім, гісторыяй і Касцёлам, адзначыў Папа Францішак 20 снежня перад малітвай «Анёл Панскі» ў Ватыкане. Без падобнага здзіўлення, на думку Пантыфіка, немагчыма па-сапраўднаму сустрэць Езуса. «Евангелле гэтай нядзелі Адвэнту звяртае ўвагу на постаць Марыі, — заўважыў Пантыфік. — Мы бачым Яе, калі адразу пасля зачацця ў веры Сына Божага Яна здзейсніла доўгае падарожжа з Назарэта ў Галілею да горнай Юдэі, каб наведаць і дапамагчы Альжбеце. Анёл Габрыэль распавёў Ёй, што яе пажылая сваячка, якая не мела дзяцей, была на шостым месяцы цяжарнасці. Таму Маці Божая, якая насіла ў сабе яшчэ большы дар і таямніцу, пайшла да Альжбеты і засталася з ёй на тры месяцы. Падчас сустрэчы дзвюх жанчын — уявіце сабе: адной пажылой, а іншай маладой, — менавіта маладая, Марыя, скіравала прывітанне першай. Евангелле кажа аб гэтым так: «Увайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету» (Лк 1, 40). Пасля гэтага прывітання Альжбета адчула, што яе ахапіла вялікае здзіўленне — не забывайце пра гэтае слова: “здзіўленне”. Альжбету ахапіла вялікае здзіўленне, якое рэхам прагучала ў яе словах: “Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?” Затым гэтыя дзве жанчыны, поўныя радасці, абняліся і пацалаваліся: пажылая і маладая, абедзве цяжарныя. Каб плённа адзначыць Божае Нараджэнне, мы пакліканы спыніцца на “месцах” здзіўлення. А што гэта за месцы здзіўлення ў нашым штодзённым жыцці? Іх тры. Першае месца — гэта бліжні, у якім трэба распазнаць брата, бо з моманту Нараджэння Езуса кожнае аблічча носіць на сабе падабенства Божага Сына. Асабліва калі гэта аблічча беднага, таму што Бог увайшоў у свет як бедны і перш за ўсё бедным дазволіў наблізіцца да сябе. Іншае месца здзіўлення — другое, у якім, калі паглядзім з верай, адчуем менавіта здзіўленне — гэта гісторыя. Часта мы перакананы, што бачым яе правільна, але на самой справе рызыкуем чытаць яе цалкам наадварот. Так здараецца, напрыклад, калі нам падаецца, што яна абумоўлена рынкавай эканомікай, рэгулюецца фінансамі і бізнесам, кіруецца ўладамі, якія яе ўтрымліваюць. Бог Божага Нараджэння з’яўляецца Богам, які “блытае карты”: Яму падабаецца гэта рабіць! Як Марыя спявала ў “Магніфікаце”, што Пан скідвае магутных з тронаў і ўзвышае пакорных, дабром насычае галодных, а багатых ні з чым адпраўляе (пар. Лк 1, 52-53). Гэта другое здзіўленне, здзіўленне гісторыяй. Трэцім месцам здзіўлення з’яўляецца Касцёл: глядзець на яго са здзіўленнем веры азначае не абмяжоўвацца ўспрыняццем яго выключна ў якасці рэлігійнага інстытута, якім ён з’яўляецца; але адчуваць яго ў якасці Маці, якая, нягледзячы на плямы і зморшчыны, якіх мае шмат, дазваляе ўбачыць у ім рысы Маладой, любімай і ачышчанай Хрыстом Панам. Касцёл, які здольны распазнаць мноства знакаў вернай любові, што Бог бесперапынна яму пасылае. Касцёл, для якога Пан Езус ніколі не будзе ўласнасцю, якую трэба з зайздрасцю бараніць: тыя, хто чыняць гэта — памыляюцца; але будзе заўсёды Тым, хто выходзіць яму насустрач і якога здольны чакаць з даверам і радасцю, выказваючы надзею свету. Касцёл, які кліча Пана: "Прыйдзі, Пане Езу!" Касцёл-Маці, які заўсёды мае расчыненыя дзверы і раскрытыя рукі, каб прыняць усіх. Больш за тое, гэта Касцёл-Маці, які выходзіць за ўласныя дзверы, каб з матчынай усмешкай шукаць усіх, хто далёка, і весці іх да міласэрнасці Божай. Гэта і ёсць здзіўленне Божага Нараджэння! На Божае Нараджэнне Пан нам дорыць усяго сябе, ахвяруючы свайго Сына, Адзінароднага, які з’яўляецца ўсёй Яго радасцю. І толькі з сэрцам Марыі, пакорнай і беднай Дачкі Сіёна, якая стала Маці Найвышэйшага Сына, магчыма праслаўляць і радавацца вялікаму дару Божаму і Яго нечаканаму сюрпрызу. Няхай Яна нам дапаможа напоўніцца здзіўленнем — гэтымі трыма здзіўленнямі: бліжнім, гісторыяй і Касцёлам — з нагоды Нараджэння Езуса, дара з дароў, незаслужанага падарунка, які нясе нам збаўленне. Сустрэча з Езусам дазволіць адчуць таксама і нам гэтае вялікае здзіўленне. Але мы не можам мець гэтага здзіўлення, не можам сустрэць Езуса, калі не сустрэнем Яго ў іншых людзях, у гісторыі і Касцёле». Пасля марыйнай малітвы Папа Францішак, сярод іншых, прывітаў выхаванцаў рымскіх араторыяў, якія прыбылі на плошчу св. Пятра ў межах пілігрымкі з нагоды Года Міласэрнасці. Напрыканцы сустрэчы Папа благаславіў фігуркі Дзіцяткі Езуса для традыцыйных ясляў, якія юнакі і дзяўчаты прынеслі з сабой. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |