Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Urbi et Orbi»: «Дзе нараджаецца Бог, там нараджаецца мір»
Слова Папы
25.12.2015 17:35

«Шчаслівага Божага Нараджэння! Хрыстус нарадзіўся для нас, радуемся ў дзень нашага збаўлення!» – такімі словамі 25 снежня пачаў сваё святочнае пасланне Папа Францішак, звяртаючыся да тысяч вернікаў, сабраных на ватыканскай плошчы, з цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра.

«Адкрыем нашы сэрцы на прыняцце ласкі гэтага дня, якой з’яўляецца Ён сам: Езус – гэта ясны дзень, які ўзыйшоў на гарызонце чалавецтва, – сказаў Святы Айцец. – Гэта день міласэрнасці, у які Бог Айцец адкрыў чалавецтву сваю бясконцую пяшчотнасць; дзень святла, які разганяе цемру страху і трывогі; дзень супакою, у які з’яўляецца магчымасць сустрэцца, паразмаўляць, прымірыцца; дзень радасці: “радасці вялікай” для малых і пакорных, і для ўсяго народа (пар. Лк 2, 10).

У гэты дзень ад Панны Марыі нарадзіўся Езус, Збаўца. Яслі нам паказваюць “знак” дадзены Богам: “Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях” (Лк 2, 12). Як бэтлеемскія пастушкі, таксама і мы пойдзем паглядзець на гэты знак, гэтую падзею, якая кожны год абнаўляецца ў Касцёле. Божае Нараджэнне – гэта падзея, якая абнаўляецца ў кожнай сям’і, кожнай парафіі, кожнай супольнасці, якая прымае любоў Божую, уцелаўлёную ў Езусе Хрысце. Як Марыя, Касцёл паказвае ўсім “знак” Божы: Немаўля, якое Яна насіла ва ўлонні і дала свету, але якое з’яўляецца Сынам Найвышэйшага, таму што “паходзіць ад Святога Духа” (Мц 1, 20). Ён Збаўца таму, што з’яўляецца Ягняткам Божым, якое бярэ на сябе грэх свету (пар. Ян 1, 29). Разам з пастушкамі паклонімся Ягнятку, аддадзім пашану ўцелаўлёнай Дабрыні Божай і дазволім, каб слёзы пакаяння напоўнілі нашы вочы і абмылі наша сэрца. Мы ўсе маем у гэтым патрэбу!

Толькі Ён, толькі Ён можа нас збавіць. Толькі Міласэрнасць Бога можа вызваліць чалавецтва ад шматлікіх формаў зла, часам жахлівых, якія эгаізм нараджае ў ім. Ласка Божая можа здзейсніць перамену сэрцаў і адкрыць шляхі выйсця з сітуацый, невырашальных чалавечымі сіламі.

Дзе нараджаецца Бог, там нараджаецца надзея. Ён прыносіць надзею! Дзе нараджаецца Бог, там нараджаецца мір. А дзе нараджаецца мір, там больш няма месца для нянавісці і вайны. Тым не менш, менавіта там, дзе Сын Божы, уцелавіўшыся, прыйшоў у свет, працягвае трываць напружанасць і насілле і мір застаецца дарам, аб якім трэба прасіць і які трэба будаваць. Няхай ізраільцяне і палесцінцы змогуць аднавіць прамы дыялог і дасягнуць згоды, якая дазволіць абодвум народам суіснаваць у гармоніі, пераўзышоўшы канфлікт, які іх на працягу доўгага часу супрацьпастаўляе, з цяжкімі наступствамі для ўсяго рэгіёна.

Папросім у Пана, каб найхутчэй было знойдзена палітычнае і дыпламатычнае рашэнне для ўмілаванай Сірыі, якое прымусіць змоўкнуць грукат зброі і выправіць найцяжэйшую гуманітарную сітуацыю змучанага насельніцтва. Таксама тэрмінова неабходна, каб пагадненне па Лівіі знайшло падтрымку ўсіх, каб былі пераадолены цяжкія падзелы і насілле, якія ахапілі краіну. Увага ўсёй міжнароднай супольнасці няхай будзе адзінадушна скіравана на тое, каб спыніць зверствы, якія, як у гэтых краінах, так і ў Іраку, Йемене і Трапічнай Афрыцы, правакуюць шматлікія ахвяры, выклікаючы велізарныя пакуты, і не шкадуюць нават гістарычнай і культурнай спадчыны цэлых народаў. Мае думкі скіроўваюцца таксама да ўсіх, хто пацярпеў ад лютых тэрарыстычных дзеянняў, асабліва нядаўніх нападаў, здзейсненых у небе Егіпта, у Бейруце, Парыжы, Бамако і Тунісе.

Няхай нашым братам, якія пераследуюцца ў многіх частках свету па прычыне веры, Дзіцятка Езус падорыць суцяшэнне і сілу. Яны нашы сённяшнія мучанікі.

Аб міры і згодзе папросім для дарагіх народаў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Бурундзі і Паўднёвага Судана, каб праз дыялог умацавалася супольная дзейнасць дзеля будавання грамадзянскіх супольнасцяў, натхнёных шчырым духам прымірэння і ўзаемнага паразумення.

Няхай Божае Нараджэнне прынясе сапраўдны мір таксама ва Украіну, дасць палёгку тым, хто пакутуе ад наступстваў канфлікту, і натхніць волі весці да спаўнення дасягнутых дамоўленасцяў, каб аднавіць згоду ва ўсёй краіне.

Радасць гэтага дня няхай асветліць намаганні калумбійскага народа, каб, натхнёны надзеяй, працягваў дасягаць жаданага міру.

Дзе нараджаецца Бог, там нараджаецца надзея; і дзе нараджаецца надзея, там асобы знаходзяць годнасць. Тым не менш, яшчэ сёння мноства мужчын і жанчын пазбаўлены сваёй чалавечай годнасці і, як Дзіцятка Езус, пакутуюць ад холаду, беднасці і адчужэння з боку людзей. Няхай наша блізкасць дасягне сёння найбольш безабаронных, асабліва дзяцей-салдат, жанчын, якія церпяць насілле, ахвяр гандлю людзьмі і наркатрафіку.

Няхай нашай дапамогі будзе дастаткова для тых, хто ўцякае ад беднасці і вайны, здзяйсняючы падарожжы вельмі часта ў нечалавечых умовах і нярэдка рызыкуючы жыццём. Няхай будуць узнагароджаны патрэбнымі ласкамі тыя, як асобныя людзі, так і дзяржавы, якія з шчодрасцю падтрымліваюць і прымаюць шматлікіх мігрантаў і бежанцаў, дапамагаючы ім у будаванні годнай будучыні для сябе і сваіх блізкіх і ў інтэграцыі ў грамадствы, якія іх прымаюць.

У гэты святочны дзень няхай Пан адорыць надзеяй тых, хто не мае працы – іх шмат, – і падтрымае дзейнасць тых, хто мае публічную адказнасць у палітычнай і эканамічнай сферах, каб працавалі для дасягнення супольнага дабра і баранілі годнасць кожнага чалавечага жыцця.

Дзе нараджаецца Бог, там квітнее міласэрнасць. Яна з’яўляецца самым каштоўным дарам, які Бог робіць нам, асабліва ў гэты Юбілейны Год, у які мы пакліканы адкрыць пяшчоту, якую наш Нябесны Айцец мае да кожнага з нас. Няхай Пан дазволіць, асабліва зняволеным, адчуць Яго міласэрную любоў, якая зажыўляе раны і перамагае зло.

І так сёння будзем разам радавацца ў дзень нашага збаўлення. Сузіраючы яслі, засяродзім наш позірк на распасцёртых руках Езуса, якія дэманструюць нам абдымкі міласэрнага Бога, у той час, як слухаем плач Дзіцяткі, якое нам шэпча: “Для маіх братоў і маіх сяброў я скажу: “Няхай на цябе будзе супакой” (Пс 121)”».

Затым Папа ўдзяліў вернікам благаслаўленне «Urbi et Orbi» (Гораду і Свету).

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.