Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Праз прабачэнне мы перамагаем зло дабром»
Слова Папы
26.12.2015 23:57

Кожны раз, калі атрымліваем прабачэнне, наша сэрца адраджаецца, сказаў Папа Францішак у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» на ватыканскай плошчы св. Пятра 26 снежня.

«Сёння мы адзначаем свята святога Стэфана, – нагадаў Папа. – Успамін аб першым мучаніку ідзе адразу за ўрачыстасцю Божага Нараджэння. Учора мы сузіралі міласэрную любоў Бога, які ўцелавіўся для нас; сёння бачым адпаведны адказ вучня Езуса, які аддаў сваё жыццё. Учора нарадзіўся на зямлі Збаўца; сёння нараджаецца Яго верны сведка. Учора, як і сёння, з’яўляюцца цемры адчужэння жыцця, але яшчэ больш ззяе святло любові, якое перамагае зло і дае пачатак новаму свету.

Ёсць адзін асаблівы аспект у сённяшнім апавяданні з Дзеяў Апосталаў, які збліжае святога Стэфана з Панам. Гэта яго прабачэнне перад смерцю ад каменавання. Прыбіты да крыжа, Езус сказаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34); падобным чынам Стэфан, “упаўшы на калені, усклікнуў моцным голасам: “Пане, не лічы ім граху гэтага”” (Дз 7, 60). Такім чынам, Стэфан – гэта мучанік, што азначае сведка, бо чыніць, як Езус; сапраўдным сведкам з’яўляецца той, хто паводзіць сябе, як Ён: хто моліцца, любіць, дорыць, але асабліва хто прабачае, бо прабачэнне, як кажа само гэтае слова, з’яўляецца самым высокім выразам дару.

Але – мы можам спытаць – навошта трэба прабачаць? Гэта толькі добры ўчынак ці ён прыносіць плёны? Адказ знаходзім менавіта ў мучаніцтве Стэфана. Сярод тых, для каго ён прасіў аб прабачэнні, быў юнак па імені Саўл, які пераследваў Касцёл і імкнуўся знішчыць яго (пар. Дз 8, 3). Крыху пазней Саўл стаў Паўлам, вялікім святым, Апосталам народаў. Ён атрымаў прабачэнне Стэфана. Мы можам сказаць, што Павел нарадзіўся праз ласку Божую і прабачэнне Стэфана.

Таксама і мы нараджаемся праз прабачэнне Божае. Не толькі падчас хросту, але кожны раз, калі атрымліваем прабачэнне, наша сэрца адраджаецца, становіцца перароджаным. Кожны крок наперад у жыцці верай на пачатку нясе на сябе знак Божай Міласэрнасці, таму што толькі калі нас любяць, мы можам таксама любіць. Памятаць пра гэта было б добра: калі мы хочам развівацца ў веры, перш за ўсё неабходна прымаць прабачэнне Бога; сустракаць Айца, гатовага прабачаць усё і заўсёды, і які, менавіта прабачаючы, лечыць сэрца і ажыўляе любоў. Мы ніколі не павінны стамляцца прасіць аб Божым прабачэнні, таму што толькі калі будзем атрымліваць прабачэнне, навучымся прабачаць.

Прабачаць, аднак, заўсёды вельмі цяжка. Як можам наследаваць Езуса? З чаго пачаць у прабачэнні малых і вялікіх крыўдаў, якія сустракаем штодзённа? Перш за ўсё з малітвы, як рабіў Стэфан. Пачынаць трэба з уласнага сэрца: мы можам з верай рэагаваць на абурэнне, якое адчуваем, давяраючы тых, хто чыніць нам зло, міласэрнасці Божай. Затым можна ўбачыць, што гэтая ўнутраная барацьба за прабачэнне ачышчае ад зла і што малітва і любоў вызваляюць нас з унутраных ланцугоў злапамяцтва. Мы кожны дзень маем магчымасць для таго, каб трэніравацца ў прабачэнні, каб жыць гэтым вельмі высокім жэстам, які набліжае да Бога. Як наш Нябесны Айцец, станем таксама і мы міласэрнымі, таму што праз прабачэнне перамагаем зло дабром, ператвараем нянавісць у любоў і такім чынам робім свет больш чыстым.

Няхай Панна Марыя, якой давяраем тых – якіх, на жаль, шмат, – хто, як святы Стэфан, церпіць пераслед у імя веры, скіроўвае нашу малітву на прыняцце і дарэнне прабачэння».

Пасля малітвы Святы Айцец падзякаў вернікам за віншаванні з Божым Нараджэннем, якія атрымлівае з розных частак свету, і заклікаў не забываць маліцца за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.