Кожная хрысціянская сям’я паклікана быць «хатнім Касцёлам», каб дапамагаць заззяць евангельскім цнотам і стаць зачынам дабра ў грамадстве, адзначыў Папа Францішак у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» 27 снежня на ватыканскай плошчы.
«У атмасферы радасці, уласцівай Божаму Нараджэнню, святкуем гэтую нядзелю Святой Сям’і, – сказаў Папа. – Я ўзгадваю пра вялікую сустрэчу ў Філадэльфіі ў верасні; пра шматлікія сем’і, якія сустрэў падчас Апостальскіх падарожжаў; а таксама пра сем’і ва ўсім свеце. Я б хацеў іх з любоўю і ўдзячнасцю прывітаць, асабліва ў гэты наш час, калі сям’я падвергнута неразуменням і цяжкасцям рознага кшталту, якія яе аслабляюць.
Сённяшняе Евангелле запрашае сем’і прыняць святло надзеі, якое паходзіць з дома ў Назарэце, дзе ў радасці прайшло дзяцінства Езуса, які, паводле слоў святога Лукі – “узрастаў у мудрасці, гадах і ласцы перад Богам і людзьмі” (2, 52). Сям’я Езуса, Марыі і Юзафа для кожнага верніка, і асабліва для сем’яў, з’яўляецца сапраўднай школай Евангелля.
Тут мы сузіраем спаўненне Божай задумы адносна таго, каб учыніць з сям’і асаблівую супольнасць жыцця і любові. Тут разумеем, што кожная хрысціянская сямейная ячэйка паклікана быць “хатнім Касцёлам”, каб дапамагаць заззяць евангельскім цнотам і стаць зачынам дабра ў грамадстве. Уласцівыя Святой Сям’і рысы – гэта засяроджанасць і малітва, маўклівае разуменне і павага, дух ахвярнасці, праца і салідарнасць.
З прыкладу і сведчання Святой Сям’і кожная сям’я можа ўзяць каштоўныя ўказанні для ладу жыцця і жыццёвых рашэнняў і можа чэрцаць сілу і мудрасць для штодзённага шляху. Маці Божая і святы Юзаф вучаць прымаць дзяцей, як дар Бога, нараджаць іх і выхоўваць цудоўным чынам супрацоўнічаючы са справай Творцы і дорачы свету, у кожным дзіцятку, новую ўсмешку. Менавіта ў паяднанай сям’і дзеці дасягаюць сваёй сталасці, жывучы значным і плённым досведам бескарыслівай любові, пяшчотнасці, узаемнай павагі, узаемнага разумення, прабачэння і радасці.
Я б хацеў спыніцца менавіта на радасці. Сапраўдная радасць, якая перажываецца ў сям’і, – гэта не штосьці выпадковае. Гэтая радасць з’яўляецца плёнам глыбокай гармоніі паміж людзьмі, якая дазваляе адчуць прыгажосць прабывання разам, узаемнай падтрымкі на жыццёвым шляху. Але ў аснове радасці заўсёды ёсць прысутнасць Бога, Яго адкрытай, міласэрнай і цярплівай любові да ўсіх.
Калі не адчыняцца дзверы сям’і на прысутнасць Бога і Яго любоў, сям’я згубіць гармонію, пачне дамінаваць індывідуалізм і згасне радасць. Аднак сям’я, якая мае радасць жыцця і веры, перадае іх спантанна, з’яўляецца соллю зямлі і святлом свету, зачынам для ўсяго грамадства. Езус, Марыя і Юзаф няхай благаслаўляюць і ахоўваюць усе сем’і ў свеце, каб у іх панаваў спакой і радасць, справядлівасць і мір, якія Хрыстус праз нараджэнне прынёс як дар для чалавецтва».
Пасля малітвы Папа выказаў салідарнасць з кубінскімі мігрантамі, якія апынуліся заблакаванымі ў некаторых краінах Цэнтральнай Амерыкі на сваім шляху ў ЗША. Многія з іх сталі ахвярамі гандлю людзьмі, нагадаў Пантыфік і заклікаў краіны рэгіёну знайсці тэрміновае рашэнне гэтай гуманітарнай драмы.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|