Святы Айцец нагадаў аб важнасці «духоўнага адзінства» |
Слова Папы |
31.12.2015 16:07 |
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 30 снежня Пантыфік падзяліўся некаторымі думкамі на тэму духоўнага адзінства і заахвоціў да аддання хвалы Божаму Дзіцятку. «Культ Дзіцяткі Езуса вельмі распаўсюджаны. Многія святыя практыкавалі яго ў сваёй штодзённай малітве і жадалі будаваць жыццё па прыкладзе Дзіцяткі Езуса. Я думаю асабліва пра св. Тэрэзу з Лізьё, якая, будучы кармэлітанскай законніцай, насіла імя Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса і Святога Аблічча. Яна – якая з’яўляецца таксама Доктарам Касцёла – была здольнай жыць «духоўным дзяцінствам» і даваць сведчанне аб ім, што становіцца магчымым менавіта сузіраючы ў школе Панны Марыі пакору Бога, які для нас стаў маленькім», – сказаў Святы Айцец. Паводле слоў Папы Францішка, той факт, што Бог пажадаў стаць дзіцяткам, з’яўляецца асноватворным для нашай веры. «Гэта праўда, што Яго смерць на крыжы і ўваскрасенне з’яўляюцца найбольшым выразам збаўчай любові, аднак не будзем забывацца, што ўсё Яго зямное жыццё з’яўляецца аб’яўленнем і навучаннем», – дадаў Святы Айцец.
«Каб расці ў веры, мы маем патрэбу ў тым, каб часцей сузіраць маленькага Езуса. Канешне, мы нічога не ведаем пра гэты перыяд Яго жыцця. Рэдкія ўзгадкі, якія маем, тычацца надання Яму імя праз восем дзён пасля нараджэння і ахвяравання ў святыні. Затым быў візіт мудрацоў, а пасля гэтага ўцёкі ў Егіпет. Затым вялікі скачок аж да дванаццатага года жыцця, калі Ён з Марыяй і Юзафам адправіўся ў пілігрымку ў Ерузалем, на свята Пасхі, і замест таго, каб вярнуцца са сваімі бацькамі, застаўся ў святыні, каб размаўляць з настаўнікамі закона», – нагадаў Пантыфік. Паводле слоў Папы Францішка, з гэтых сціплых дадзеных пра дзяцінства Езуса вядома няшмат, але «мы можам многаму навучыцца ад Яго, калі паглядзім на жыццё дзяцей». У першую чаргу Пантыфік нагадаў, што дзеці заўсёды жадаюць увагі і абароны з боку дарослых і таму хочуць знаходіцца ў цэнтры ўвагі. Гэтага, паводле слоў Папы, прагне таксама і Дзіцятка Езус. Трэба «паставіць у цэнтр нашага жыцця Езуса і ведаць, нават калі гэта можа здавацца парадаксальным, што мы маем адказнасць за тое, каб бараніць Яго», сказаў Святы Айцец. Пантыфік перакананы, што Дзіцятка Езус жадае быць на руках людзей, атулены клопатам, і мець магчымасць глядзець ім у вочы. Папа Францішак заклікаў вернікаў быць здольнымі радаваць маленькага Хрыста, каб засведчыць Яму сваю любоў і радасць з той прычыны, што Ён знаходзіцца побач. «Нарэшце, дзеці любяць гуляць. Пагуляць з дзіцяткам, аднак, азначае адмовіцца ад нашай логікі, для таго, каб унікнуць у яго логіку. Калі мы хочам, каб Ён павесяліўся, трэба зразумець, што яму падабаецца. (...) Гэта ўрок для нас. Перад Езусам мы закліканы пакінуць нашу прэтэнзію на аўтаномію, каб прыняць сапраўдную форму свабоды, якая заключаецца ў веданні Таго, Хто знаходзіцца перад намі, і служэнні Яму», – падкрэсліў Пантыфік. «Ён – Сын Божы, які прыходзіць, каб збавіць нас. Ён прыйшоў да нас, каб паказаць нам аблічча Айца, багатага любоўю і міласэрнасцю. Прытулім Дзіцятку Езуса на нашых руках, пачнем служыць Яму: Ён – гэта крыніца любові і спакою», – сказаў Папа. Напрыканцы сваёй катэхезы Папа Францішак параіў вернікам пасля вяртання дадому падысці да ясляў, пацалаваць фігурку Дзіцяткі Езуса і сказаць Яму: «Езус, мы хочам быць пакорнымі, як Ты, пакорнымі, як Бог», – і папрасіць аб гэтай ласцы. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |