3 студзеня ў разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра ў Ватыкане Папа Францішак пажадаў, каб Год Міласэрнасці стаў нагодай для ўцелаўлення Евангелля ў штодзённым жыцці вернікаў.
«Сённяшняя літургія другой нядзелі пасля Божага Нараджэння прадстаўляе нам уступ Евангелля паводле Яна, у якім абвяшчаецца, што “Слова – гэта значыць творчае Слова Бога – сталася целам і пасялілася між намі” (Ян 1, 14), – адзначыў Папа. – Гэтае Слова, якое жыве ў небе, або ў вымярэнні Бога, прыбыло на зямлю, каб мы Яго пачулі і маглі пазнаць і дакрануцца да любові Айца. Слова Божае – гэта сам Яго Адзінародны Сын, які стаў чалавекам, поўным любові і вернасці (пар. Ян 1, 14), гэта сам Езус.
Евангеліст не хавае драматычнасці Уцелаўлення Сына Божага, падкрэсліваючы, што дар любові Божай не сустрэў адкрытасці з боку людзей. Слова – гэта святло, аднак людзі аддалі перавагу цемры; Слова прыйшло да сваіх, але яны Яго не прынялі (пар. 9-10). Яны зачынілі дзверы перад тварам Сына Божага. Гэта таямніца зла, якое асаджае таксама і наша жыццё, і ад нас патрабуецца пільнасць і ўвага, каб яно не перамагло. Кніга Быцця кажа цудоўныя словы, якія дапамагаюць зразумець гэта: кажа, што зло “ляжыць ля дзвярэй і вабіць цябе” (пар. 4, 7). Гора нам, калі дазволім яму ўвайсці; тады б яно зачыніла нашы дзверы на ўсё іншае. Мы, аднак, пакліканы адчыніць дзверы нашага сэрца на Слова Божае, на Езуса, каб стаць, такім чынам, Ягонымі дзецьмі.
У дзень Божага Нараджэння мы ўжо чулі гэты ўрачысты пачатак Евангелля паводле Яна; сёння ён нам прапануецца яшчэ раз. Гэта заклік святой Маці Касцёла да прыняцця гэтага слова збаўлення, гэтай таямніцы святла. Калі мы яго прымем, калі прымем Езуса, узрасцём у пазнанні і любові Пана, навучымся быць міласэрнымі, як Ён. Асабліва ў гэты Святы Год Міласэрнасці дазволім, каб Евангелле ўсё больш уцелаўлялася таксама ў нашым жыцці. Набліжэнне да Евангелля, разважанне над ім і яго ўцелаўленне ў штодзённае жыццё – гэта лепшы спосаб, каб пазнаць Езуса і прынесці Яго іншым. Гэта пакліканне і радасць кожнага ахрышчанага; паказваць іншым Езуса і дарыць Яго; але, каб рабіць гэта, мы павінны пазнаць Яго і мець унутры сябе, як Пана нашага жыцця. Ён нас абароніць ад зла, д’ябла, які заўсёды сядзіць пад нашымі дзвярыма, пад нашым сэрцам, і хоча ўвайсці. З абноўленым запалам сыноўскай адданасці даверымся яшчэ раз Марыі: Яе салодкі вобраз Маці Езуса і нашай Маці будзем сузіраць у гэтыя дні ў яслях».
Пасля малітвы Папа Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і ўдзяліў ім благаслаўленне.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|