«Досвед Мудрацоў заклікае нас не спыняцца на пасрэднасці, на “вегетацыі”, але шукаць сэнсу рэчаў, горача пазнаваць вялікую таямніцу жыцця», – сказаў Папа Францішак у разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» ў Ватыкане ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.
Пантыфік падкрэсліў, што, як і для Мудрацоў, для сённяшніх людзей «пуцяводнай зоркай з’яўляецца Евангелле, Слова Пана». «Не слухаючы Евангелля, нельга Яго сустрэць!» – сказаў Святы Айцец.
Па словах Папы, гісторыя Трох Мудрацоў дае ўрачыстасці Аб’яўлення Пана подых універсальнасці, і «гэта подых Касцёла, які жадае, каб усе народы зямлі змаглі сустрэцца з Езусам і адчулі Яго любоў і міласэрнасць».
Пантыфік нагадаў, што Мудрацы былі аўтарытэтнымі людзьмі з аддаленых рэгіёнаў і розных культур, «Касцёл заўсёды бачыў у іх вобраз усяго чалавецтва, і, святкуючы Аб’яўленне Пана, хоча паважліва весці кожнага мужчыну і кожную жанчыну гэтага свету да Дзіцяці, якое нарадзілася для збаўлення ўсіх».
Святы Айцец дадаў, што Езус аб’явіў сябе пастухам, «пакорным і пагарджаным іншымі». «Пастухі і Мудрацы вельмі адрозніваюцца адзін ад аднаго, але аб’ядноўвае іх адно – неба, – падкрэсліў Папа і дадаў: – Пастухі і Мудрацы вучаць нас, што для таго, каб сустрэць Езуса, трэба быць у стане ўзнесці вочы да неба, не замыкацца ў сабе, у сваім эгаізме, але мець сэрца і розум, адкрытыя на перспектыву Бога, які заўсёды здзіўляе нас, мець магчымасць прыняць Божае пасланне і адказаць на яго ахвотна і шчодра».
Спасылаючыся на словы Евангелля: «Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся» (Мц 2, 10), Пантыфік адзначыў, што «і для нас вялікае суцяшэнне – убачыць зорку, калі мы адчуваем, што нас вядуць і мы не пакінуты на волю лёсу».
У заключэнне Папа заклікаў: «Няхай Дзева Марыя, якая прыняла Мудрацоў у Бэтлееме, дапаможа нам узнесці нашы вочы над сабой, каб дазволіць весці сябе зорцы Евангелля і сустрэцца з Езусам, умець прынізіць сябе, каб пакланіцца Яму. Такім чынам мы зможам прынесці іншым промень Яго святла і падзяліць з імі радасць шляху».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|