Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак на агульнай аўдыенцыі: міласэрнасць — гэта свята
Слова Папы
14.01.2016 14:14

Давяраць «міласэрнаму, літасціваму, доўгацярпліваму, шматміласціваму і праўдзіваму» Богу заклікаў Святы Айцец 13 студзеня падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Папа Францішак пачаў цыкл катэхез на тэму міласэрнасці з біблійнага пункту гледжання, пачынаючы з Кнігі Зыходу.

У Зале Паўла VI Пантыфіка слухалі каля 8 тыс. вернікаў.

«У Святым Пісанні Бог прадстаўлены як “Бог міласэрны”. Гэта імя, пад якім, так бы мовіць, Ён адкрывае нам сваё аблічча і сэрца. Ён сам, паводле Кнігі Зыходу, аб’яўляючы сябе Майсею, акрэслівае сябе наступным чынам: “Пан, Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы” (34, 6)», — нагадаў Папа.

«Пан “міласэрны”: гэтае слова выклікае стаўленне пяшчотнага клопату, як у выпадку маці адносна дзіцяці. На самой справе, яўрэйскае слова, выкарыстанае ў Бібліі, прыводзіць нас да думкі аб нечым унутраным, а таксама аб улонні маці. Таму яно прапануе вобраз Бога неабыякавага, які паказвае нам свае пачуцці, як маці, калі бярэ на рукі сваё дзіця, жадаючы толькі любіць яго, абараняць, дапамагаць, гатовая даць яму ўсё, нават саму сябе. Гэты выдатны вобраз навявае гэты тэрмін. Таму гэта любоў, якая можа быць апісана, у добрым сэнсе, як кранаючая да глыбіні», — сказаў Святы Айцец.

Папа Францішак нагадаў таксама аб іншай рысе Бога, узгаданай у Кнізе Зыходу, — «літасцівы». Тут маецца на ўвазе здольнасць Бога да сведчання пяшчоты, спачування, жаданне схіляцца над слабымі і беднымі, гатоўнасць прыняць, зразумець, дараваць.

«Гэта як бацька з прыпавесці, аб якой гаворыць Евангелле паводле Лукі (Лк 15, 11-32): бацька, які не зачыняецца ў роспачы з-за таго, што яго пакінуў малодшы сын, але, наадварот, пастаянна чакае яго, таму што нарадзіў яго, а затым бяжыць яму насустрач і абдымае яго. Нават не дазваляе яму здзейсніць поўнае прызнанне віны, як быццам закрывае яму вусны, — настолькі вялікая любоў і радасць па прычыне яго адшукання. Тады ён ідзе паклікаць старэйшага сына, які абураны і не хоча радавацца, сына, які заўсёды быў дома, але жыў больш як слуга, чым сын. Але таксама і над ім схіляецца бацька, запрашае яго ўвайсці, спрабуе адкрыць яго сэрца да любові, каб ніхто не быў выключаны са свята міласэрнасці. Таму што міласэрнасць — гэта свята», — падкрэсліў Пантыфік.

"Вяртанне блуднага сына", Юліус Шнор фон Карольсфельд,

Папа Францішак таксама нагадаў, што пра Бога гаворыцца як пра «доўгацярплівага». «Бог умее чакаць, Яго час — гэта не нецярплівы час людзей; Ён, як мудры селянін, што ўмее чакаць, пакідае час, каб вырасла добрае насенне, нягледзячы на пустазелле», — заўважыў Пантыфік.

Папа яшчэ раз спаслаўся на Кнігу Зыходу і нагадаў чарговую рысу Бога — «шматміласцівы». «Наколькі ж выдатнае гэтае акрэсленне Бога! Яно ўключае ў сябе ўсё. Таму што Бог вялікі і магутны, але гэтая веліч і магутнасць праяўляюцца ў любові адносна да нас, настолькі малых і слабых. Выкарыстанае тут слова “любоў” паказвае на любоў, ласку і дабрыню. Гэта любоў не з тэленавэл. Гэтая любоў робіць першы крок, які не залежыць ад чалавечых якасцяў, але вынікае з вялізнай самаахвярнасці. Гэта Божая клапатлівасць, якую нішто не можа спыніць, нават грэх, бо яна над грахом, пераадольвае зло і даруе», — адзначыў Папа.

«Праўдзівасць» — гэта апошняя рыса, якую Бог назваў Майсею, нагадаў Пантыфік. Па словах Папы, яна ніколі не скончыцца, таму што Пан з’яўляецца абаронцам, які, як кажа псальм, не спіць, але заўсёды чувае над намі, каб прывесці нас да жыцця.

Міласэрны Бог заўсёды верны ў сваёй міласэрнасці, падкрэсліў Папа Францішак і ўзгадаў словы св. Паўла: калі чалавек няверны адносна Бога, «Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа» (2 Цім 2, 13). Вернасць у міласэрнасці — гэта сапраўды «сутнасць Бога», і таму Ён цалкам і заўсёды годны даверу, адзначыў Пантыфік. Святы Айцец акрэсліў гэта як «упэўненасць нашай веры».

Папа заклікаў вернікаў у Юбілейны Год Міласэрнасці даручыць сябе Богу цалкам, каб спазнаць радасць ад таго, наколькі Ён нас любіць.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.