Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Езус – Жаніх чалавецтва»
Слова Папы
18.01.2016 10:53

Гісторыі вяселля ў Кане Галілейскай прысвяціў Папа Францішак 17 студзеня ў Ватыкане свае разважанні перад малітвай «Анёл Панскі».

«Менавіта яна дапамагае нам зразумець, што Хрыстус прыходзіць не як суддзя, гатовы да асуджэння чалавека, або як правадыр, патрабуючы сляпога выканання загадаў», – падкрэсліў Папа і назваў Езуса «Жаніхом чалавецтва», які адказвае на чаканні і абяцанні радасці, схаваныя ў сэрцы кожнага.

«У гэтую нядзелю Евангелле прадстаўляе цудоўную падзею, якая мела месца ў Кане, у вёсцы ў Галілеі, падчас вясельнага прыёму, на якім таксама прысутнічалі Марыя і Езус, а таксама Яго першыя вучні (Ян 2, 1-11), — нагадаў Папа. — Маці звяртае ўвагу Сына на тое, што не хапіла віна, а Езус кажа, што не прыйшоў яшчэ Яго час, аднак прымае Яе жаданне і дорыць сужэнцам лепшае віно ўсяго вяселля. Евангеліст падкрэслівае, што "такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя" (Ян 2, 11)».

«Такім чынам, цуды – гэта надзвычайныя знакі, якія суправаджаюць абвяшчэнне Добрай Навіны, і іх мэта заключаецца ў нараджэнні або культываванні веры ў Езуса», — дадаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў цудзе, здзейсненым у Кане, бачны жэст дабрыні з боку Езуса да маладых, знак Божага благаслаўлення для сужэнства. Такім чынам, любоў паміж мужчынам і жанчынай з’яўляецца добрым спосабам, каб жыць паводле Евангелля, гэта значыць з радасцю стаць на шлях святасці.

«Але цуд у Кане датычыць не толькі маладых сужэнцаў. Кожны чалавек закліканы сустрэць Пана ў жыцці. Хрысціянская вера ёсць дарам, які мы атрымліваем у хросце і які дазваляе нам сустрэцца з Богам. Вера праходзіць праз перыяды радасці і смутку, святла і цемры, як і ў любым сапраўдным досведзе любові», — нагадаў Пантыфік.

Папа Францішак таксама падкрэсліў, што гісторыя пра вяселле ў Кане запрашае зразумець, што Езус аб’яўляецца людзям не як суддзя, гатовы асудзіць грахі, і не як правадыр, які навязвае сляпое выкананне сваіх загадаў. Ён паўстае ў ролі збаўцы чалавецтва, брата, старэйшага брата, Сына Айца: аб’яўляецца як Той, які адпавядае чаканням і абяцанням радасці, якія ляжаць у сэрцы кожнага.

Паводле слоў Папы, людзі павінны спытацца сябе: ці сапраўды я ведаю Пана такім? Ці адчуваю, што Ён – Жаніх майго жыцця? Ці адказваю Яму ў тым жа дыяпазоне хваляў любові, якой Ён штодзённа адорвае мяне і кожнага іншага чалавека? Справа ў тым, дадаў Пантыфік, каб зразумець, што Езус шукае нас і запрашае нас прызначыць Яму месца ў глыбіні нашых сэрцаў, і на гэтым шляху веры з Ім мы не самотныя: мы атрымалі дар Крыві Хрыста.

«Вялікія каменныя збаны, якія Езус загадвае напоўніць вадой, каб перамяніць яе ў віно (Ян 2, 7), з’яўляюцца прыкметай пераходу ад старога да новага запавету: замест вады, якую выкарыстоўвалі для рытуальнага ачышчэння, мы атрымалі Кроў Езуса, пралітую сакрамэнтальным чынам у Эўхарыстыі, і жорсткім чынам – падчас мукі і на крыжы. Сакрамэнты, якія выцякаюць з Пасхальнай Таямніцы, напаўняюць нас звышнатуральнай сілай і дазваляюць каштаваць бясконцую Божую міласэрнасць», — патлумачыў Пантыфік.

«Дзева Марыя, узор разважання слоў і спраў Пана, няхай дапаможа нам нанова адкрываць з верай прыгажосць і багацце Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтаў, якія робяць прысутнай любоў Бога да нас.

Такім чынам, мы зможам больш і больш любіць Пана Езуса, нашага Жаніха, і выходзіць на сустрэчу з Ім з запаленымі лямпамі нашай радаснай веры, стаўшы, дзякуючы гэтаму, Яго сведкамі ў свеце», — сказаў Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.