Папа Францішак: дзяленне міласэрнасцю – агульная місія хрысціян |
Слова Папы |
20.01.2016 16:54 |
Падчас агульнай аўдыенцыі у Ватыкане 20 студзеня Папа Францішак казаў пра асаблівасці сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які праходзіць 18-25 студзеня. Пантыфік звярнуў увагу на ўрывак з Першага паслання св. Пятра, які быў абраны для разважання экуменічнай групай з Латвіі, што рыхтавала тэксты для сёлетняга «экуменічнага» Тыдня: «Вы ж – выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць, каб абвяшчаць цноты таго, хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае сваё святло; калісьці не народ, а цяпер народ Божы; калісьці вы не былі памілаваныя, а цяпер памілаваныя» (1 Пт 2, 9-10). Папа нагадаў, што ў цэнтры лютэранскай катэдры ў Рызе знаходзіцца хрысцільня, якая адносіцца да ХІІ стагоддзя, часу, калі Латвія была евангелізавана святым Мэйнардам. Яна з’яўляецца красамоўным знакам пачатку веры, які прызнаецца ўсімі хрысціянамі Латвіі: католікамі, лютэранамі і праваслаўнымі. «Гэтым пачаткам з’яўляецца наш супольны хрост. Другі Ватыканскі Сабор сцвярджае, што «хрост стварае сакрамэнтальны вузел еднасці, які трывае паміж усімі, хто быў адроджаны ў ім». Першае Пасланне св. Пятра скіравана да першага пакалення хрысціян, каб учыніць іх свядомымі дару, атрыманага з хростам, і патрабаванняў, якія ён нясе за сабой. Таксама і мы на працягу гэтага Тыдня запрошаны адкрыць усё гэта і рабіць гэта разам, пераўзыходзячы нашы падзелы», — сказаў Папа. Паводле Святога Айца, супольны хрост азначае, што «ўсе мы з’яўляемся грэшнікамі і маем патрэбу ў тым, каб быць збаўленымі, адкупленымі, вызваленымі ад зла». Гэты негатыўны аспект першае Пасланне св. Пятра называе «цемрай», нагадаў Пантыфік. Гэта, адзначыў Святы Айцец, з’яўляецца досведам смерці, які Хрыстус прыняў на сябе і які ў хросце сімвалізуецца пагружэннем у ваду, пасля чаго наступае выйсце з вады – сімвал уваскрасення да новага жыцця ў Хрысце. Калі мы, хрысціяне кажам, што маем супольны хрост, то сцвярджаем, што ўсе мы – католікі, пратэстанты і праваслаўныя – раздзяляем досвед паклікання з бязлітаснай і далёкай цемры да сустрэчы з жывым Богам, поўным міласэрнасці, заўважыў Пантыфік. «На жаль, мы ўсе адчуваем эгаізм, які нараджае падзелы, закрытасць і пагарду. Пачынаць са святога хросту азначае знайсці крыніцу міласэрнасці, крыніцу надзеі для ўсіх, каб ніхто не быў выключаны з Божай міласэрнасці», — лічыць Папа. Пантыфік перакананы, што супольнае перажыванне гэтай ласкі стварае непарыўную сувязь паміж хрысціянамі, якія, у сілу хросту, могуць лічыць сябе па-сапраўднаму братамі. «Мы сапраўды святы Божы народ, нават калі, па прычыне нашых грахоў, яшчэ не з’яўляемся народам цалкам паяднаным. Божая міласэрнасць, якая дзейнічае ў хросце, мацнейшая за нашы падзелы. Па меры таго, наколькі мы прымаем ласку міласэрнасці, мы ўсё больш і больш становімся народам Бога, людзьмі, здольнымі абвяшчаць усім Яго цудоўныя справы, пачынаючы з простага і братэрскага сведчання аб адзінстве. Мы, хрысціяне, можам абвяшчаць усім сілу Евангелля, беручы на сябе абавязак супольнага здзяйснення спраў міласэрнасці для цела і для душы бліжняга. Гэта канкрэтнае сведчанне адзінства», — падкрэсліў Святы Айцец. Напрыканцы сваёй катэхезы Папа нагадаў, што і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты маюць агульную місію – дзяліцца атрыманай міласэрнасцю з іншымі, пачынаючы ад самых бедных і пакінутых. Пантыфік заклікаў маліцца аб супрацоўніцтве паміж хрысціянамі ў справе распаўсюджвання Божай міласэрнасці ў свеце. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |