Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Міласэрнасць Бога большая за грахі
Слова Папы
07.02.2016 21:48

Пра сутнасць хрысціянства казаў Святы Айцец Францішак у разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» 7 лютага ў Ватыкане. Па словах Папы, яна засноўваецца на абвяшчэнні бескарыслівай любові Бога, спалучаным з паставай прыняцця і міласэрнасці адносна іншых.

«Евангелле сённяшняй нядзелі ў рэдакцыі святога Лукі кажа аб пакліканні першых вучняў Езуса (Лк 5, 1-11), – нагадаў Пантыфік. – Гэта адбылося ў кантэксце паўсядзённага жыцця: на беразе Галілейскага мора знаходзіліся некалькі рыбакоў, якія, пасля карпатлівай ночы, калі нічога не злавілі, мылі і рамантавалі сеткі. Езус увайшоў у лодку аднаго з іх – Сымона, якога звалі Пятром, – і папрасіў яго адплысці трохі ад берага, а затым пачаў прапаведаваць Божае слова прысутным людзям. Калі Езус скончыў гаварыць, сказаў яму, каб выйшаў у мора і закінуў свае сеткі. Сымон ужо ведаў Езуса і спазнаў цудадзейную сілу Яго слова, таму адказаў: “Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі” (Лк 5, 5). І яго вера не пацярпела расчараванне: сеткі напоўніліся такой колькасцю рыбы, што аж пачыналі рвацца (Лк 5, 6).

Перад абліччам гэтай незвычайнай падзеі рыбакі паглыбіліся ў роздум. Сымон Пётр прыпаў да ног Езуса, кажучы: “Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны” (Лк 5, 8). Гэты цудоўны знак пераканаў яго, што Езус не толькі вялікі настаўнік, чыё слова праўдзівае і мае сілу, але і што Ён ёсць Пан, што ёсць аб’яўленнем Бога. І гэтая блізкая прысутнасць выклікае ў Пятра моцнае пачуццё ўласнай нікчэмнасці і нягоднасці. З чалавечага пункту гледжання ён лічыць, што павінна існаваць дыстанцыя паміж грэшнікам і святым. На самой справе, менавіта яго стан грахоўнасці патрабуе, каб Пан не адыходзіў ад яго, гэтак жа, як урач не можа ўцячы ад пацыента.

Адказ Езуса, скіраваны да Сымона Пятра, з’яўляецца цвёрдым і абнадзейваючым: “Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей” (Лк 5, 8). І зноў рыбак з Галілеі, даверыўшыся гэтым словам, пакідае ўсё і ідзе за Тым, хто стаў яго Настаўнікам і Панам. Гэтаксама зрабілі і Якуб і Ян, якія былі супольнікамі Сымона. Гэта логіка, якая рухае місіяй Езуса і Касцёла: ісці ў пошуках, “лавіць” мужчын і жанчын – не для таго, каб культываваць празелітызм, але каб аднавіць поўную годнасць і свабоду праз прабачэнне грахоў. У гэтым сутнасць хрысціянства: распаўсюджванне Божай любові, адраджальнай і бескарыслівай, са стаўленнем прыняцця і міласэрнасці да ўсіх, каб кожны мог адчуць пяшчотны клопат Бога і меў паўнату жыцця. Тут я асаблівым чынам думаю пра спаведнікоў. Яны першымі павінны адорваць міласэрнасцю Айца, па прыкладзе Езуса, як гэта рабілі два святыя законнікі: айцец Леапольд і айцец Піо.

Сёння Евангелле ставіць нам пытанне: ці ўмеем мы па-сапраўднаму даверыцца Божаму слову або дазваляем нашым няўдачам перашкаджаць нам? У гэты Святы Год Міласэрнасці мы пакліканы даваць суцяшэнне ўсім тым, хто адчувае грэшнасць і нявартасць перад Панам, хто спустошаны ўласнымі памылкамі, прапаведуючы ім слова Езуса: “Не бойся”. Міласэрнасць Айца большая за твае грахі, большая, таму не бойся.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам лепш зразумець, што быццё вучнем азначае крочанне па слядах, пакінутых Настаўнікам: гэта сляды Божай ласкі, якая адраджае жыццё для ўсіх».

Пасля малітвы «Анёл Панскі» Пантыфік удзяліў усім благаслаўленне, а затым закрануў некалькі бягучых тэм і прывітаў пілігрымаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.