«Прыбываю як місіянер міласэрнасці і міру», — запэўніў Папа Францішак у апублікаваным 7 лютага відэапасланні народу Мексікі перад пачаткам свайго падарожжа ў гэтую краіну.
Яно пачынаецца 12 лютага 2016 г.
Святы Айцец прызнаўся, што едзе ў Мексіку з «вялікай радасцю», таму што атрымае магчымасць сустрэцца з мясцовымі вернікамі, каб «супольна вызнаваць веру ў Бога і дзяліцца асноватворнай ісцінай нашага жыцця, што Бог нас вельмі любіць, любіць нас бясконцай любоўю, незалежна ад нашых заслугаў».
«Я хачу быць як мага бліжэй да вас, асабліва да тых, хто пакутуе, каб абняць іх і сказаць, што Езус любіць іх, што Ён заўсёды на іх баку», — падкрэсліў Папа.
Святы Айцец выказаў радасць ад таго, што мексіканцы рыхтаваліся да яго паездкі праз малітву. «Вялікі дзякуй, што вы маліліся за мяне, таму што мне гэта патрэбна», — адзначыў Пантыфік, назваў сябе «дзіцём» Маці Божай Гвадэлупскай і прызнаўся ў сваёй радасці, што зможа наведаць санктуарый і адчуць пяшчоту добразычлівай прысутнасці Марыі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (IL)
|