Папа нагадаў пра біблійны кантэкст Года Міласэрнасці |
Слова Папы |
11.02.2016 13:57 |
Агульную аўдыенцыю, якая прайшла 10 лютага ў Ватыкане, Папа Францішак прысвяціў біблійнаму кантэксту Юбілею Міласэрнасці, які працягваецца ў Касцёле. Святы Айцец заўважыў, што Кніга Левіта прадстаўляе гэтую падзею ў якасці кульмінацыйнага моманту рэлігійнага і грамадскага жыцця ізраэльскага народа. Юбілейны год для Выбранага народа быў свайго роду «ўсеагульнай амністыяй», якая давала магчымасць усім вярнуцца да свайго першапачатковага стану, прадугледжвала адмену пазыкаў, вяртанне зямлі і магчымасць зноў радавацца свабодзе, уласцівай Божаму народу. Юбілеі служылі барацьбе з беднасцю і няроўнасцю, гарантуючы годнае жыццё і роўнае размеркаванне зямлі ўсім, нагадаў Святы Айцец. «Падчас юбілею бедных стараліся забяспечыць усім, неабходным для жыцця, а хто станавіўся багатым, вяртаў бедным тое, што ад іх узяў. Мэтай было грамадства, заснаванае на роўнасці і салідарнасці, у якім свабода, зямля і грошы станавіліся дабром для ўсіх, а не толькі для некаторых, як адбываецца сёння. Калі я не памыляюся, лічбы не дакладныя, але каля 80 працэнтаў багаццяў чалавецтва знаходзіцца ў руках 20 працэнтаў насельніцтва. Гэты Юбілей — кажу гэта, памятаючы пра нашу гісторыю збаўлення, — існуе для навяртання, каб наша сэрца стала больш велікадушным», — сказаў Пантыфік.
Папа Францішак падкрэсліў, што Юбілейны год павінен быў дапамагчы Божаму народу жыць канкрэтным братэрствам, заснаваным на ўзаемнай дапамозе. «Мы можам сказаць, што біблійны юбілей быў “юбілеем міласэрнасці”, таму што перажываўся ў шчырым пошуку карысці для патрабуючага брата», — дадаў Пантыфік. Папа заўважыў, што ўсе іншыя структуры і законы Божага народу таксама былі падпарадкаваны гэтай мэце: каб існавала магчымасць адчуць міласэрнасць Бога праз людзей. Многія з гэтых законаў актуальныя і сёння. Напрыклад, як заўважыў Святы Айцец, законы, якія датычылі ахвяравання «дзесяціны» на карысць святароў, якія не валодалі зямлёй, а таксама бедных, сірот і ўдоваў. Іншы закон прадпісваў дзяленне першымі плёнамі ўраджаю са святарамі і чужынцамі, каб і для іх зямля станавілася крыніцай пракорму. «“Зямля — мая, а вы — чужынцы і госці ў мяне”, — кажа Пан. Мы ўсе госці Пана, у чаканні Нябеснай Айчыны, пакліканыя рабіць гуманным і прыдатным для жыцця свет, які нас прымае. Колькі “першых плёнаў” больш паспяховыя могуць падарыць тым, хто знаходзіцца ў цяжкасцях!» — заўважыў Пантыфік. «“Першыя плёны” – гэта не толькі плады палёў, але і ўсе іншыя прадукты працы: заробкі, зберажэнні, многія рэчы, якімі валодаем і якія часам марнуюцца. Гэта здараецца сёння. У Апостальскую элемазінарыю прыходзіць мноства лістоў з невялікай колькасцю грошай і подпісам: “Гэта частка майго заробку на дапамогу іншым”. І гэта цудоўна», — сказаў Папа. Пантыфік падкрэсліў пастаянную актуальнасць слоў Святога Пісання, якія датычаць шчодрага і бескарыслівага дзялення з бліжнімі. «Колькі сем’яў знаходзяцца на вуліцы! Калі ласка, памолімся, каб у гэты Юбілейны Год Пан выкрэсліў з сэрцаў усіх гэтае жаданне валодаць больш і больш і жаданне эксплуатаваць», — заахвоціў Святы Айцец. Папа Францішак падкрэсліў, што біблійнае пасланне вельмі яснае: яно заклікае адкрыцца на дзяленне і міласэрнасць паміж суграмадзянамі, сем’ямі, народамі і кантынентамі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |