20 лютага на плошчы св. Пятра ў Ватыкане Папа Францішак сустрэўся з вернікамі на надзвычайнай аўдыенцыі ў рамках Святога Года Міласэрнасці.
У сваёй катэхезе Пантыфік нагадаў пра сувязь паміж досведам міласэрнасці Бога і канкрэтнымі ўчынкамі ў адносінах да людзей, якіх сустракаем на жыццёвым шляху.
«Юбілей Міласэрнасці – гэта сапраўдная нагода, каб увайсці ў глыбіню таямніцы дабрыні і любові Бога. У гэты час Вялікага посту Касцёл запрашае нас усё больш пазнаваць Пана Езуса, жыць адпаведна веры і весці такі лад жыцця, які выражае міласэрнасць Айца. Гэта абавязацельства, да якога мы пакліканы, каб даць тым, каго сустракаем, канкрэтны знак блізкасці Бога», – сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў вернікаў паразважаць над тым, што азначае мець абавязацельства. «Калі бяру на сябе абавязацельства, гэта азначае, што бяру пэўную адказнасць, заданне перад іншым. Гэта азначае таксама пэўны стыль, паставу вернасці і самапрысвячэння, асаблівую ўвагу, з якой выконваю гэтае абавязацельства. Штодзённа ад нас патрабуецца выкананне абавязкаў: у малітве, на працы, у вучобе, але таксама ў спорце, свабоднай дзейнасці. Браць на сябе абавязацельства, такім чынам, азначае паставіць нашу добрую волю і нашы сілы на паляпшэнне жыцця», – дадаў Пантыфік.
Па словах Святога Айца, Бог перад чалавекам таксама ўзяў абавязацельства, галоўным выразам якога з’яўляецца дар Езуса Хрыста. «Яго першым абавязацельствам было стварэнне свету, і, няглядзячы на нашы спробы знішчыць яго, Ён намагаецца захоўваць яго жывым. Але Яго самым вялікім абавязацельствам стаў дар нам Езуса. Так, Езус – гэта менавіта найвялікшае абавязацельства Бога перад намі. Гэта нагадвае таксама святы Павел, калі піша, што Бог – гэта “Той, які Сына свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас”. І ў сілу гэтага, разам з Езусам, Айцец падорыць нам усё, у чым маем патрэбу», – сказаў Папа Францішак.
Доказ адказнасці Бога перад чалавекам вельмі проста ўбачыць у Евангеллі, адзначыў Святы Айцец. «У Езусе Бог узяў на сябе поўную адказнасць за тое, каб вярнуць надзею бедным, пазбаўленым годнасці, чужынцам, хворым, вязням і грэшнікам, якіх прымаў з дабрынёй. Ва ўсім гэтым Езус быў жывым выразам міласэрнасці Айца. Я б хацеў падкрэсліць, што Езус з дабрынёй прымаў грэшнікаў. Але калі мы падумаем па-чалавечы, грэшнікі былі б ворагамі Езуса, ворагамі Бога. А Ён з дабрынёй падыходзіў да іх, любіў іх і перамяняў іх сэрцы. Мы ўсе – грэшнікі; усе! Усе маем перад Богам пэўныя правіны. Але мы не павінны трапляць у роспач: Ён набліжаецца да нас менавіта для таго, каб даць суцяшэнне, міласэрнасць, прабачэнне, і гэта цудоўна!» – сказаў Пантыфік.
Папа дадаў, што і вернікі могуць і павінны адказаць на любоў Бога сваімі намаганнямі на карысць патрабуючых. «І гэта перш за ўсё ў сітуацыях найбольшай патрэбы, дзе найбольш прысутнічае смага надзеі. Я думаю пра наша абавязацельства перад пакінутымі людзьмі, якія маюць вельмі цяжкія абмежаваныя магчымасці, перад цяжка хворымі, перад паміраючымі, перад тымі, хто не ў стане выразіць удзячнасць... Ва ўсіх гэтых сітуацыях мы нясём міласэрнасць Бога праз жыццёвае абавязацельства, якое з’яўляецца сведчаннем нашай веры ў Езуса Хрыста», – адзначыў Святы Айцец. Напрыканцы катэхезы Папа заклікаў заўсёды несці людзям пяшчоту Бога, а таксама пажадаў, каб Юбілей Міласэрнасці дапамог думкамі і сэрцам пазнаць абавязацельства Бога перад кожным з людзей і дзякуючы гэтаму перамяніць сваё жыццё ў абавязацельства міласэрнасці перад усімі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|