Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: Апостальскі візіт у Мексіку стаў досведам перамянення
Слова Папы
21.02.2016 17:11

Досведам сапраўднага перамянення назваў Папа Францішак сваё Апостальскае падарожжа ў Мексіку. 21 лютага перад малітвай «Анёл Панскі» ў Ватыкане Пантыфік падзяліўся сваімі ўражаннямі ад гэтага візіту.

«Другая нядзеля Вялікага посту прадстаўляе нам Евангелле аб перамяненні Езуса. Апостальскае падарожжа, якое я здзейсніў у мінулыя дні ў Мексіку, стала досведам перамянення, – сказаў Папа. – Чаму? Таму што Пан паказаў нам святло сваёй хвалы праз цела свайго Касцёла, свой святы народ, які жыве на гэтай зямлі. Праз Цела, якое часта ранілі, народ, які часта прыгняталі, якім пагарджалі, годнасць якога зневажалі. На самой справе, розныя сустрэчы, якія прайшлі ў Мексіцы былі поўнымі святла: святла веры, якое перамяняе абліччы і асвятляе шлях.

Духоўным “цэнтрам цяжару” пілігрымкі быў санктуарый Маці Божай Гвадэлупскай. Прабываць у маўчанні перад вобразам Маці – гэта тое, што я хацеў зрабіць на самым пачатку. Дзякую Богу, што дазволіў мне гэта. Я сузіраў і дазволіў глядзець на мяне Той, якая носіць у сваіх вачах позіркі ўсіх сваіх дзяцей, збірае боль з прычыны насілля, выкраданняў, забойстваў, злоўжыванняў супраць многіх бедных людзей, многіх жанчын. Гвадэлупэ – гэта марыйны санктуарый з найбольшай колькасцю наведвальнікаў у свеце. З усёй Амерыкі прыходзяць маліцца туды, дзе “Панна Марэніта” аб'явілася індзейцу, святому Хуану Дыега, даўшы пачатак евангелізацыі кантынента і яго новай цывілізацыі, плёну сустрэчы паміж рознымі культурамі.

Менавіта гэта з'яўляецца спадчынай, якую Пан пакінуў Мексіцы: захоўваць багацце адметнасцяў і ў той жа час дэманстраваць гармонію супольнай веры, шчырай веры і моцнай, злучанай з вялікай жыццядайнасцю і чалавечнасцю. Як і мае папярэднікі, таксама і я прыбыў, каб умацаваць у веры мексіканскі народ, але ў той жа час каб быць умацаваным; я поўнымі рукамі сабраў гэты дар, каб паслужыў дабру ўсяго Паўсюднага Касцёла.

Яскравы прыклад таго, пра што я кажу, далі сем'і: мексіканскія сем'і прынялі мяне з радасцю, як пасланніка Хрыста, Пастыра ўсяго Касцёла. Са свайго боку, яны далі сведчанні жывой веры, якая перамяняе жыццё, і гэта дзеля ўмацавання ўсіх хрысціянскіх сем'яў свету. Тое самае можна сказаць аб моладзі, кансэкраваных асобах, святарах, працаўніках і вязнях.

Таму ўзношу падзяку Пану і Панне Гвадэлупскай за дар гэтай пілігрымкі. Акрамя таго, дзякую Прэзідэнту Мексікі і іншым грамадзянскім уладам за цёплы прыём. Шчыра дзякую маім братам у біскупстве і ўсім людзям, якія рознымі спосабамі дапамагалі.

Асаблівым чынам усхвалім Найсвяцешую Тройцу за тое, што пажадала, каб з гэтай нагоды на Кубе адбылася сустрэча паміж Папам і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі, дарагім братам Кірылам; сустрэча, вельмі жаданая маімі папярэднікамі. Таксама і гэтая падзея з'яўляецца прароцкім святлом Уваскрасення, у якім сённяшні свет мае патрэбу, як ніколі. Найсвяцейшая Маці Божая няхай працягвае весці нас па шляху еднасці. Папросім Маці Божую Казанскую, ікону якой мне падарыў Патрыярх Кірыл».

Пасля малітвы Папа Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і ўдзяліў сабраным сваё благаслаўленне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.