Міласэрнасць Бога мацней за чалавечы грэх, нагадаў Папа Францішак на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 24 лютага. Пантыфік узняў праблему грахоў, звязаных са злоўжываннямі ўладай, працягваючы цыкл катэхез аб міласэрнасці ў Святым Пісанні.
«У розных частках гаворыцца пра магутных, каралёў, людзей, якія стаяць “высока”, а таксама пра іх пыхлівасць і злоўжыванні ўладай. Багацце і ўлада – гэта рэчы, якія могуць быць добрымі і карыснымі для супольнага дабра, пры ўмове, што служаць бедным і ўсім, са справядлівасцю і міласэрнасцю. Але калі, як вельмі часта адбываецца, імі карыстаюцца ў якасці прывілеяў, з эгаізмам і высакамернасцю, яны ператвараюцца ў інструменты карупцыі і смерці», — сказаў Папа.
Святы Айцец нагадаў біблійную гісторыю Набота – чалавека, які валодаў вінаграднікам каля палаца караля Ахаба. Манарх хацеў набыць гэты кавалак зямлі, каб зрабіць з яго сад з агароднінай. «Прапанова здаецца законнай і нават шчодрай, але ў Ізраэлі зямельныя ўладанні лічыліся неад’емнымі», — заўважыў Папа.
На адмову кароль Ахаб адрэагаваў з горыччу і абурэннем. Ён адчуў сябе пакрыўджаным, прыніжаным у сваёй ўладзе і пазбаўленым магчымасці задаволіць сваё жаданне валодання. Тады ўмяшалася яго жонка, Езабэль, якая была ідалапаклонніцай і мела дачыненне да смерці многіх прарокаў Пана.
«Словы, з якімі яна звярнулася да караля, вельмі важныя. Пачуйце ўсё зло, што было ўнутры гэтай жанчыны. “Ты цяпер валадарыш над Ізраэлем. Устань, еш хлеб і будзь спакойны: я здабуду табе вінаграднік Набота ізраэльцяніна”. Яна зрабіла акцэнт на прэстыжы і ўладзе караля, якія, згодна з яе спосабам разумення рэчаіснасці, былі пастаўлены пад пытанне адмовай Набота, як і ўлада, якую яна лічыла абсалютнай і для якой кожнае жаданне магутнага караля станавілася загадам. Вялікі святы Амброзій напісаў маленькую кнігу аб гэтым здарэнні. Яна называецца “Набот”. Было б карысна прачытаць яе ў гэты час Вялікага посту. Яна вельмі цудоўная, вельмі канкрэтная», — сказаў Пантыфік.
Па словах Папы, калі ўлада перастае быць служэннем, яна становіцца панаваннем і прыгнётам. Менавіта гэта адбылося ў сітуацыі Набота, які пасля фальшывых абвінавачванняў, распаўсюджаных каралевай, быў укаменаваны.
«Гэта гісторыя не з іншых часоў. Гэта таксама сённяшняя гісторыя, гісторыя магутных, якія для таго, каб мець больш грошай, эксплуатуюць бедных, эксплуатуюць людзей. Гэта гісторыя гандлю людзьмі, рабскай працы, бедных людзей, якія працуюць “па-чорнаму” за мінімальную плату, каб абагаціць магутных. Гэта гісторыя карумпаваных палітыкаў, якія пастаянна хочуць больш», — сказаў Святы Айцец.
Па словах Пантыфіка, усё гэта наступствы ажыцяўлення ўлады без павагі да жыцця, без справядлівасці і міласэрнасці. Пастаяннае прагненне ўлады ператвараецца ў няўрымслівае жаданне валодаць усім. Святы Айцец нагадаў словы прарока Ісаі: «Гора тым, што далучаюць дом да дома, а поле яднаюць з полем аж да канца зямельных надзелаў! Ці ж вы адны толькі жывяце на сярэдзіне зямлі?» «Прарок Ісая не быў камуністам!» — дадаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што Бог, аднак, большы за зло і брудныя гульні людзей, і ў сваёй міласэрнасці Ён паслаў прарока Іллю, каб дапамог Ахабу навярнуцца.
«Бог бачыць гэтае злачынства і стукае таксама ў сэрца Ахаба, і кароль, пастаўлены перад абліччам свайго граху, разумее, становіцца пакорным і просіць прабачэння. Як цудоўна было б, калі б сучасныя магутныя эксплуататары зрабілі тое самае. Пан прымае яго пакаянне; аднак нявінны быў забіты і ўчыненая правіна будзе мець непазбежныя наступствы. Здзейсненае зло, на самой справе, пакідае балючыя сляды, а гісторыя людзей нясе на сабе яго раны», — падкрэсліў Папа.
Напрыканцы катэхезы Пантыфік заклікаў вернікаў адкрыць сэрцы на міласэрнасць Бога, здольную загойваць раны і змяняць гісторыю, на міласэрнасць, большую нават за чалавечы грэх. Яна, па словах Папы, праявіла сваю моц у Сыне Божым, які стаў чалавекам, каб знішчыць зло сваім прабачэннем.
«Езус Хрыстус — сапраўдны кароль, але Яго ўлада абсалютна іншая. Яго трон — гэта крыж. Ён кароль, які не забівае, але наадварот, які дае жыццё. Яго выйсце да ўсіх, асабліва да самых слабых, перамагае адзіноту і лёс смерці, да якіх вядзе грэх. Езус Хрыстус праз сваю блізкасць і пяшчоту вядзе грэшнікаў у прастору ласкі і прабачэння. Такая яна, міласэрнасць Божая», — сказаў Пантыфік.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і ўдзяліў сабраным сваё благаслаўленне.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|