Не «звальваць» адказнасці за трагедыі свету на Бога заклікаў Папа Францішак у разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» ў Ватыкане 28 лютага. Езус ясна адхіляе пункт гледжання, што нібыта Бог спасылае катаклізмы, каб пакараць чалавека за грахі, сказаў Пантыфік.
«Кожны дзень, на жаль, хронікі паведамляюць дрэнныя навіны: забойствы, няшчасныя выпадкі, катастрофы... У сённяшнім евангельскім урыўку Езус звяртаецца да дзвюх трагічных падзей, якія ў той час зрабілі рэзананс: крывавы ўчынак рымскіх салдат унутры храма і падзенне сілаамскай вежы ў Ерузалеме, якое пацягнула за сабой васямнаццаць ахвяр (Лк 13, 1-5), – адзначыў Папа.
Езус ведае забабонны менталітэт сваіх слухачоў і ведае, што яны інтэрпрэтуюць такога роду падзеі ў няправільным кірунку. На самой справе, яны думаюць, што калі гэтыя людзі памерлі так жорстка, гэта прыкмета таго, што Бог пакараў іх за нейкае цяжкае злачынства, здзейсненае імі; як кажуць, “яны заслужылі гэта”. І той факт, што кагосьці абмінула няшчасце, раўнасільны адчуванню сябе “ў парадку”. Яны “заслужылі гэта”; я – “у парадку”.
Езус ясна адхіляе гэты пункт гледжання, таму што Бог не дапускае трагедыі, каб пакараць за грахі, і кажа, што гэтыя бедныя ахвяры былі не горшымі за іншых. Наадварот, Ён запрашае ўспрыняць гэтыя балючыя падзеі як папярэджанне, што тычыцца ўсіх, таму што мы ўсе грэшнікі. Ён кажа тым, хто спытаўся ў Яго: “Кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце” (Лк 13, 3).
Нават сёння, перад абліччам некаторых няшчасцяў і трагічных падзей, можа прыйсці спакуса “перакласці” адказнасць на ахвяр або нават на самога Бога. Але Евангелле запрашае нас задумацца: які вобраз Бога мы стварылі? Можа, мы проста лічым, што Бог такі, можа, гэта створаная намі праекцыя: бог, створаны “па нашым вобразе і на наша падабенства”?
Езус, наадварот, заклікае нас змяніць сэрца, каб зрабіць радыкальныя змены на шляху нашага жыцця, адмовіўшыся ад кампрамісаў са злом (і гэта ўсе мы робім: кампрамісы са злом – крывадушнасць – я лічу, што амаль усе мы маем прынамсі частковую крывадушнасць) – каб рашуча ісці па шляху Евангелля. Але тут зноў спакуса апраўдаць сябе: “А што мы павінны змяніць? Ці ж мы не добрыя людзі?” Колькі разоў мы так думалі: “У цэлым я добры, я добрая, – ці не так? – ці ж мы не вернікі, нават дастаткова практыкуючыя?” І мы лічым, што мы цалкам апраўданы.
На жаль, кожны з нас вельмі падобны да дрэва, якое на працягу гадоў дало шмат доказаў сваёй неўрадлівасці. Але, на шчасце для нас, Езус падобны да вінаградара, які з бязмежным цярпеннем ставіцца да бясплоднай смакоўніцы: “Пакінь яе на гэты год, – кажа ён гаспадару – (...) можа, прынясе плод у будучым” (Лк 13, 9). “Год” ласкі – час служэння Хрыста, час Касцёла да Яго слаўнага вяртання, час нашага жыцця, які перамяжоўваецца шэрагам Вялікіх постаў, што прапануюць нам магчымасці для пакаяння і збаўлення, час Юбілею Міласэрнасці. Цярплівасць Езуса непераможная! Ці задумваліся вы аб Божай цярплівасці? Ці думалі вы пра Яго няўступлівы клопат пра грэшнікаў, якія самі правакуюць нецярпенне супраць саміх сябе? Ніколі не бывае занадта позна, каб навярнуцца, ніколі! Да апошняга моманту: Божая цярплівасць заўсёды чакае.
Памятаеце гэта кароткае апавяданне пра святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса, калі яна малілася за чалавека, асуджанага на смерць, злачынцу, які не жадаў паяднацца з Касцёлам, адмовіўся ад святара, бо хацеў памерці такім чынам. Яна малілася ў кляштары. І калі чалавек быў там, у апошні момант перад экзекуцыяй паклікаў святара, узяў крыж і пацалаваў яго. Цярплівасць Бога! Ён робіць тое ж і ў адносінах да нас, усіх нас! І колькі разоў – мы не ведаем, мы будзем ведаць на нябёсах – колькі разоў мы тут ці там падаем, і Пан ратуе нас, ратуе нас, таму што ў Яго шмат цярплівасці да нас. І гэта Яго міласэрнасць. Ніколі не позна раскаяцца, але гэта тэрмінова, зараз! Давайце пачнём сёння.
Няхай Дзева Марыя падтрымлівае нас, каб мы змаглі адкрыць нашыя сэрцы для Божай міласэрнасці, Яго міласэрнасці. Няхай дапаможа нам ніколі не судзіць іншых і праз штодзённыя няшчасці зрабіць сур’ёзны рахунак сумлення і пакаяцца».
Пасля малітвы Папа Францішак выказаў сваю блізкасць да народа Фіджы, які моцна пацярпеў ад разбуральнага цыклону. Пантыфік запэўніў у сваёй малітве за ахвяр і тых, хто займаецца аказаннем дапамогі пацярпелым.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|