Святы Айцец: «Нельга трапляць у роспач перад абліччам пакут!» |
Слова Папы |
16.03.2016 16:38 |
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 16 сакавіка Папа Францішак нагадаў, што міласэрнасць Бога здольная адкрываць і напаўняць суцяшэннем сэрцы. У катэхезе Пантыфік разважаў над прадказаннем прарока Ераміі аб вяртанні ізраільскага народа на Радзіму, як сведчанні бязмежнай міласэрнасці і любові Бога. «Выгнанне для Выбранага народа стала сапраўдным выпрабаваннем веры, — нагадаў Папа. — Таксама і мы можам часам перажываць свайго роду выгнанне, калі самотнасць, боль, смерць прымушаюць думаць пра тое, што Бог нас пакінуў. Колькі разоў мы чулі гэтыя словы: “Бог забыўся пра мяне”. Многія людзі, якія пакутуюць, адчуваюць сябе пакінутымі». «І колькі нашых братоў у гэты час перажываюць сапраўдную і драматычную сітуацыю выгнання, у далечыні ад сваёй радзімы, маючы перад вачыма руіны сваіх дамоў, страх у сэрцах і часта, на жаль, боль з прычыны згубы дарагіх людзей. У такіх сітуацыях у некаторых можа ўзнікнуць пытанне: дзе Бог? Як магчыма, што столькі пакутаў можа абрынуцца на мужчын, жанчын і нявінных дзяцей? І калі яны спрабуюць ісці некуды, перад імі зачыняюць дзверы. Яны знаходзяцца там, на мяжы, таму што шмат дзвярэй і сэрцаў закрыта. Сённяшнія мігранты пакутуюць пад адкрытым небам, без ежы, і не могуць увайсці, не атрымліваюць гасціннасці. Мне вельмі прыемна глядзець на краіны, на кіраўнікоў, якія адкрываюць сэрцы і дзверы!» — сказаў Папа Францішак. Паводле слоў Святога Айца, перад абліччам драмы пакут і выпрабаванняў нельга трапляць у роспач, трэба працягваць давяраць Богу, бо Ён заўсёды побач.
«Прарок Ерамія дае нам адказ. Выгнаны народ зможа зноў убачыць сваю зямлю і адчуць міласэрнасць Пана. Гэта вялікае абвяшчэнне, якое суцяшае: Бог не адсутны, нават сёння, у гэтых драматычных сітуацыях. Бог побач, здзяйсняе вялікія справы збаўлення тым, хто Яму давярае. Нельга трапляць у роспач, трэба далей быць упэўненымі, што дабро пераможа зло і Пан асушыць кожную слязу і вызваліць нас ад кожнага страху», — падкрэсліў Пантыфік. Святы Айцец нагадаў, што Божая любоў большая за чалавечы грэх. Дзякуючы ёй сэрца чалавека напаўняецца радасцю і суцяшэннем. У пацвярджэнне сваіх слоў Пантыфік нагадаў пра вялікую радасць, якая спадарожнічала вяртанню ізраільскага народа на родную зямлю. «І самі выгнанцы былі як пасля арашэння, як плённая зямля. Ізраіль, які Пан вярнуў на радзіму, стаў сведкам перамогі жыцця над смерцю і благаслаўлення над праклёнам», — адзначыў Папа Францішак. «Прарок Ерамія перадаў нам пасланне, прадстаўляючы вяртанне выгнанцаў у якасці вялікага сімвалу суцяшэння, якое даецца сэрцу, што навяртаецца. Пан Езус са свайго боку давёў да спаўнення гэтае пасланне прарока. Сапраўднае і радыкальнае вяртанне з выгнання і суцяшаючае святло пасля цемры крызісу веры спаўняецца ў Вялікадні, у поўным і канчатковым досведзе Божай любові, любові міласэрнай, якая нясе радасць, мір і вечнае жыццё», — сказаў Святы Айцец. На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа па традыцыі прывітаў прысутных на ватыканскай плошчы вернікаў і ўдзяліў сабраным благаслаўленне. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |