Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Urbi et Orbi»: Толькі бясконцая міласэрнасць можа даць нам збаўленне
Слова Папы
27.03.2016 18:35

«Езус Хрыстус, уцелаўленне Божай міласэрнасці, з любові памёр на крыжы і з любові ўваскрос. Таму сёння мы ўсклікаем: Езус ёсць Панам». Такімі словамі Папа Францішак пачаў традыцыйны пасхальны зварот перад благаслаўленнем «Urbi et Orbi», атрымаць якое на плошчы св. Пятра сабраліся 27 сакавіка сотні тысяч вернікаў.

«Перад духоўнымі і маральнымі расшчылінамі чалавецтва, перад пустотамі, якія адкрываюцца ў сэрцах і правакуюць нянавісць і смерць, толькі бясконцая міласэрнасць можа даць нам збаўленне. Толькі Бог можа запоўніць сваёй любоўю гэтыя пустоты, гэтыя прорвы, і не дазволіць нам загінуць, але працягваць разам крочыць да Зямлі свабоды і жыцця», - сказаў Папа.

Бог, па словах Пантыфіка, робіць людзей удзельнікамі свайго несмяротнага жыцця і адорвае сваім позіркам пяшчоты і спачування галодных і прагнучых, чужынцаў і вязняў, маргіналізаваных і адчужаных, ахвяр злоўжыванняў і насілля.

«Свет поўны людзей, якія пакутуюць целам і духам, у той час як штодзённыя навіны напаўняюцца весткамі пра агідныя злачынствы, якія нярэдка здараюцца паміж хатнімі сценамі, і буйныя ўзброеныя канфлікты, якія падвяргаюць цэлыя народы невымоўным выпрабаванням», - сказаў Папа.

Пантыфік пажадаў, каб уваскрослы Хрыстус указаў шляхі надзеі для Сірыі, «краіны, разарванай доўгім канфліктам, з яго сумным маршам знішчэння, смерці, пагарды да гуманітарнага права і распаду грамадзянскага суіснавання».

«Моцы Уваскрослага Пана даверым трываючыя перамовы, каб добрая воля і супрацоўніцтва ўсіх далі магчымасць сабраць плёны міру і пачаць будаўніцтва братэрскага грамадства, якое паважае годнасць і правы кожнага грамадзяніна. Пасланне жыцця, якое прагучала з вуснаў анёла ля камня, адсунутага ад магілы, няхай пераможа цвёрдасць сэрцаў і паспрыяе плённай сустрэчы народаў і культур у іншых зонах Міжземнаморскага басейну і Блізкага Усходу, асабліва ў Іраку, Емене і Лівіі», - сказаў Пантыфік.   

Папа пажадаў мірнага суіснавання ізраільцянам і палесцінцам і заклікаў іх да цярплівай адкрытасці і штодзённых намаганняў на карысць будавання асноваў справядлівага і трывалага міру «праз прамыя і шчырыя перамовы».

«Пан жыцця няхай суправаджае таксама намаганні, якія прыкладаюцца для дасягнення канчатковага рашэння па вайне ва Украіне, натхняючы і падтрымліваючы таксама інцыятывы гуманітатнай дапамогі, сярод якіх вызваленне зняволеных», - заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец асаблівым чынам моліцца за ахвяр тэрарызму – формы сляпога і лютага насілля, якая не перастае праліваць нявінную кроў у розных частках свету: у Бельгіі, Турцыі, Нігерыі, Чадзе, Камеруне і Кот-д’Івуары. Пантыфік пажадаў міру для афрыканскіх краін, асабліва для Бурундзі, Мазамбіка, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Паўднёвага Судана, пазначаных палітычнай і сацыяльнай напружанасцю. Папа заклікаў улады Венесуэлы працаваць на карысць супольнага дабра, шукаючы прасторы для дыялогу і супрацоўніцтва з усімі. «Няхай кожны прыкладзе намаганні на карысць культуры сустрэчы, справядлівасці і ўзаемнай павагі, бо толькі яны могуць забяспечыць духоўны і маральны дабрабыт грамадзян», - сказаў Пантыфік.

«Уваскрослы Хрыстус, абвяшчэнне жыцця для ўсяго чалавецтва, рэхам гучыць на працягу стагоддзяў і запрашае нас не забывацца пра людзей, якія знаходзяцца ў пошуку лепшай будучыні, пра ўсё большы паток мігрантаў і бежанцаў – сярод якіх мноства дзяцей, – уцякаючых ад вайны, голаду, беднасці і сацыяльнай несправядлівасці. Гэтыя нашы браты і сёстры на сваім шляху вельмі часта сустракаюць смерць або адчужэнне з боку тых, хто мог бы аказаць ім гасціннасць і дапамагчы. Наступная сустрэча Сусветнага саміту па гуманітарных пытаннях няхай не забудзе паставіць у цэнтр чалавечую асобу з яе годнасцю і распрацуе палітычныя стратэгіі, здольныя дапамагаць і абараняць ахвяр канфліктаў і іншых надзвычайных сітуацый, асабліва найбольш уразлівых і пераследаваных па этнічных і рэлігійных матывах», - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў пра абавязак абароны навакольнага асяроддзя і выказаў салідарнасць з асобамі, якія падвяргаюцца пераследу па прычыне сваёй веры, якія згубілі надзею і смак жыцця, з пакінутымі пажылымі людзьмі і беспрацоўнай моладзю.

«Дарагія браты і сёстры, хачу зноў скіраваць свае пажаданні шчаслівай Пасхі ўсім вам, якія прыбылі з Рыма і іншых краін, а таксама тым, хто далучыўся з дапамогай тэлебачання, радыё і іншых сродкаў камунікацыі. Няхай у вашых сэрцах, у вашых сем’ях і супольнасцях прагучыць вестка аб уваскрасенні, у суправаджэнні цёплага святла прысутнасці жывога Езуса: прысутнасці, якая асвятляе, суцяшае, прабачае, нясе спакой», - пажадаў Пантыфік.

Пасля свайго паслання Папа ўдзяліў вернікам благаслаўленне «Urbi et Orbi».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.