Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа перад «Regina Caeli»: Укрыжаваны і ўваскрослы Пан – гэта поўнае адкрыццё міласэрнасці
Слова Папы
28.03.2016 17:21

«Калі Хрыстус уваскрос, мы можам глядзець новымі вачыма і сэрцам на ўсе падзеі нашага жыцця, нават самыя сумныя», – сказаў Папа Францішак перад малітвай «Regina Caeli» у Ватыкане 28 сакавіка.

«У гэты панядзелак пасля Пасхі, называны “Панядзелкам анёла”, нашы сэрцы яшчэ перапоўнены пасхальнай радасцю, – сказаў Папа. – Пасля часу Вялікага посту, часу пакаяння і навяртання, які Касцёл перажыў асабліва інтэнсіўна ў гэты Святы Год Міласэрнасці, пасля цэлебрацый Пасхальнага Трыдуума, стаім таксама і сёння перад пустой магілай Езуса, са здзіўленнем і ўдзячнасцю сузіраючы вялікую таямніцу ўваскрасення Пана.

Жыццё перамагло смерць. Міласэрнасць і любоў перамаглі грэх! Патрэбны вера і надзея, каб адкрыцца на гэты новы і цудоўны гарызонт. Мы ведаем, што вера і надзея – гэта дары Бога, – і павінны прасіць: “Пане дай нам веру і надзею, мы іх вельмі патрабуем!” Дазволім напоўніць сябе эмоцыямі, якія гучаць у пасхальнай секвенцыі: “Сапраўды ўваскрос Ён – гэта цуд праўдзівы”. Пан уваскрос, і Ён сярод нас! Гэтая праўда незабыўным чынам пазначыла жыццё апосталаў, якія пасля ўваскрасення адчулі новую патрэбу ў наследванні свайго Настаўніка і, атрымаўшы Святога Духа, без страху пайшлі абвяшчаць усім тое, што бачылі сваімі вачыма і перажылі асабіста.

У гэты Юбілейны Год мы пакліканы нанова адкрыць і прыняць з асаблівай моцай падбадзёрваючае абвяшчэнне ўваскрасення: “Хрыстус, мая надзея, уваскрос!” Калі Хрыстус уваскрос, мы можам глядзець новымі вачыма і сэрцам на ўсе падзеі нашага жыцця, нават самыя сумныя. Моманты цемры, няўдачы і граху могуць перамяніцца і абвяшчаць новы шлях. Калі дакранаемся да глыбіні нашага ўбоства і слабасці, уваскрослы Хрыстус дае нам сілы, каб узняцца. Калі будзем давяраць Яму, Яго ласка нас збавіць! Укрыжаваны і ўваскрослы Пан – гэта поўнае адкрыццё міласэрнасці, прысутнай і дзейснай у гісторыі. Вось пасхальнае пасланне, якое яшчэ гучыць сёння і будзе гучаць на працягу ўсяго велікоднага перыяду, аж да Пяцідзясятніцы.

Маўклівай сведкай мукі і ўваскрасення Езуса была Марыя. Яна стаяла побач з крыжам: не скарылася перад абліччам болю, але Яе вера зрабіла Яе моцнай. У Яе змучаным матчыным сэрцы заўсёды заставалася запаленым полымя надзеі. Папросім Яе, каб дапамагла таксама і нам цалкам прыняць пасхальнае абвяшчэнне Уваскрасення, каб уцелавіць яго ў канкрэтных справах нашага штодзённага жыцця.

Панна Марыя няхай адорыць нас упэўненасцю веры, каб кожны пакутны крок на нашым шляху, асветлены пасхальным святлом, стаў благаслаўленнем і радасцю для нас і іншых, асабліва для церпячых ад эгаізму і абыякавасці. Звернемся да Яе, з верай і пабожнасцю, з малітвай “Regina caeli”, якая замяняе “Анёл Панскі” на працягу ўсяго велікоднага перыяду».   

Пасля малітвы Папы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і пажадаў усім правесці наступны тыдзень у радасці і спакоі. Пантыфік параіў кожны дзень чытаць па маленькім евангельскім урыўку, у якім гаворка ідзе пра ўваскрасенне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.