Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Стаць канкрэтнымі сведкамі міласэрнасці
Слова Папы
03.04.2016 23:40

2 красавіка Папа Францішак прыняў удзел у малітоўным чуванні на плошчы св. Пятра, прымеркаваным да нядзелі Божай Міласэрнасці. Каментуючы сведчанні, якія прагучалі з вуснаў удзельнікаў сустрэчы, Пантыфік звярнуў увагу на тое, што Божая міласэрнасць мае мноства абліччаў.

Бог шмат разоў адкрываўся людзям, дэманструючы сваё міласэрнае імя, сказаў Папа. На старонках Святога Пісання Яго міласэрнасць праяўляецца ў блізкасці, дапамозе і абароне Выбранага народу, а таксама ў пяшчотных адносінах да яго, дадаў Пантыфік. «Мы не маем Бога, які няздольны разумець і спачуваць нашым слабасцям. Наадварот! Менавіта ў сілу сваёй міласэрнасці Ён стаў адным з нас», - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заклікаў вернікаў таксама станавіцца прыладамі Божай міласэрнасці. Казаць аб міласэрнасці лёгка, але нашмат цяжэй стаць яе канкрэтнымі сведкамі, адзначыў Пантыфік і заклікаў імкнуцца да гэтай мэты на працягу ўсяго жыцця.

Міласэрнасць Бога, акрамя аблічча блізкасці і пяшчотнасці, з’яўляецца таксама спагадай і дзяленнем, суцяшэннем і прабачэннем, дадаў Папа. Хто больш яе атрымлівае, пакліканы больш яе несці іншым, заўважыў Святы Айцец. Міласэрнасць не можа захоўвацца для саміх сябе: гэта штосьці, што палае ў сэрцы і прымушае любіць, распазнаючы аблічча Езуса Хрыста, асабліва ў самых далёкіх, слабых, самотных, разгубленых і маргіналізаваных, звярнуў увагу Пантыфік.

Папа адзначыў, што міласэрнасць Бога заўсёды падштурхоўвае выходзіць за ўласныя рамкі ў напрамку іншых людзей, і заклікаў: «Дазволім, каб гэтая любоў нас вяла з лагоднасцю і дазволіла стаць міласэрнымі, як Айцец».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.