«Наша жыццё цалкам знаходзіцца ў руках Езуса і Айца, якія адно: адзіная любоў, адзіная міласэрнасць, аб’яўленыя аднойчы і назаўсёды ў крыжовай ахвяры», — сказаў Папа Францішак перад малітвай «Regina Coeli» ў Ватыкане 17 красавіка.
«Сённяшняе Евангелле (Ян 10, 27-30) прадстаўляе нам некаторыя словы, сказаныя Езусам падчас свята Пасвячэння ерузалемскай святыні, якое адзначалася напрыканцы снежня, –сказаў Папа. – Ён знаходзіўся на тэрыторыі храма, і, магчыма, гэтае агароджанае сакральнае месца нагадала Яму пра вобраз статку і пастыра. Езус прадстаўляе сябе як “Добрага Пастыра” і кажа: “Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рукі Маёй” (27-28). Гэтыя словы дапамагаюць нам зразумець, што ніхто не можа называць сябе вучнем Езуса, калі не слухае Яго голасу. Гэтае “слуханне” не павінна разумецца павярхоўна, але ў якасці саўдзелу, які робіць магчымым сапраўднае ўзаемнае пазнанне, ад якога можа нарадзіцца шчырае наследаванне, выказанае ў словах: “і яны ідуць за Мною”. Гаворка ідзе пра тое, каб слухаць не толькі вушамі, але і сэрцам!
Такім чынам, вобраз пастыра і авечак указвае на блізкія адносіны, якія Езус жадае ўстанавіць з кожным з нас. Ён наш кіраўнік, наш настаўнік, наш сябар, наш прыклад, але перш за ўсё наш Збаўца. Сапраўды, наступныя словы евангельскага ўрыўку сцвярджаюць: “І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рукі Маёй” (28). Хто можа казаць так? Толькі Езус, бо “рука” Езуса – гэта таксама і “рука” Айца, а Айцец “больш за ўсіх”.
Гэтыя словы перадаюць нам адчуванне абсалютнай бяспекі і бязмежнай пяшчоты. Наша жыццё цалкам знаходзіцца ў руках Езуса і Айца, якія адно: адзіная любоў, адзіная міласэрнасць, аб’яўленыя аднойчы і назаўсёды ў крыжовай ахвяры. Каб збавіць згубленых авечак, якімі з’яўляемся ўсе мы, Пастыр стаў ягняткам і дазволіў прынесці сябе ў ахвяру, каб ўзяць на сябе грэх і пазбавіць ад яго свет. Такім чынам Ён падарыў нам жыццё, жыццё ў дастатку (пар. Ян 10, 10)! Гэтая таямніца абнаўляецца ў заўсёды здзіўляючай пакоры на эўхарыстычным стале. Гэта тут авечкі збіраюцца, каб падсілкавацца; гэта тут становяцца адно, паміж сабой і з Добрым Пастырам.
Таму не будзем больш баяцца: наша жыццё ўжо збаўлена ад згубы. Нішто і ніхто не можа нас вырваць з рук Езуса, бо нішто і ніхто не можа перамагчы Яго любові. Яго любоў – непераможная! Злы, вялікі вораг Бога і Ягоных стварэнняў, спрабуе мноствам спосабаў вырваць у нас вечнае жыццё. Але злы не зможа нічога, калі мы не адчынім яму дзверы нашай душы, ідучы за яго зманлівай ліслівасцю.
Панна Марыя слухала і пакорна ішла за голасам Добрага Пастыра. Няхай Яна нам дапаможа з радасцю прыняць запрашэнне Езуса стаць Ягонымі вучнямі і заўсёды жыць з упэўненасцю, што знаходзімся ў бацькоўскіх руках Бога».
Пасля малітвы Папа Францішак падзякаваў вернікам за малітоўную падтрымку падчас яго падарожжа на грэчаскі востраў Лесбас, якое адбылося 16 красавіка. Пантыфік выказаў салідарнасць з народамі Эквадора і Японіі, якія пацярпелі ад разбуральных землятрусаў, а таксама заклікаў маліцца аб пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|