Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў маліцца за выкрадзеных у Сірыі
Слова Папы
24.04.2016 17:26

Перад малітвай «Regina Cаeli» 24 красавіка Папа Францішак прывітаў моладзь, якая прыбыла ў Ватыкан з нагоды Юбілею Міласэрнасці, а таксама заклікаў маліцца за біскупаў, святароў, манахаў і манахінь, каталіцкіх і праваслаўных, выкрадзеных у Сірыі.

«Мая думка накіроўваецца, у прыватнасці да вас, дарагія юнакі і дзяўчаты. Вы прыехалі з Італіі і з розных частак свету, каб жыць момантамі веры і братняй весялосці», - сказаў Папа Францішак.

Пантыфік падзякаваў маладым людзям, прысутным на плошчы св. Пятра, за іх радаснае і гучнае сведчанне. «Ідзіце наперад з адвагаю!» - заклікаў Святы Айцец.

«Учора ў Бургасе (Іспанія) былі абвешчаны благаслаўлёнымі святар Вяленцін Паленсія Маркуіна і чацвёра яго сабратоў, якія загінулі за веру ў час грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Мы славім Пана за гэтых адважных сведкаў і праз іх заступніцтва молімся, каб Ён вызваліў свет ад усіх формаў насілля», - адзначыў Пантыфік.

«Заўсёды жывы ўва мне неспакой за братоў біскупаў, святароў, манахаў і манахінь, каталіцкіх і праваслаўных, якія даўно выкрадзены ў Сірыі. Няхай міласэрны Бог кране сэрцы выкрадальнікаў і дазволіць як мага хутчэй, каб гэтыя нашы браты і сёстры былі вызвалены і змаглі вярнуцца да сваіх супольнасцяў. Таму я заклікаю ўсіх вас маліцца ў гэтай інтэнцыі, не забываючы пра іншых асобаў, што былі выкрадзены. Даверым усе нашы імкненні і надзеі заступніцтву Марыі, Маці Міласэрнасці», - сказаў таксама Папа.

Пантыфік удзяліў благаслаўленне, а затым яшчэ раз папрасіў моладзь маліцца за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.