Папа Францішак заклікаў ісці па жыцці шляхам добрага самараніна |
Слова Папы |
27.04.2016 14:55 |
Наведванне касцёла не дае аўтаматычнай здольнасці любіць бліжняга, заўважыў Папа Францішак 27 красавіка падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Святы Айцец прапанаваў вернікам паразважаць над прыпавесцю пра Добрага Самараніна (Лк 10, 25-37). У ёй апавядаецца пра трох асобаў, якія сталі сведкамі пакут чалавека, што ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў. З яго знялі адзенне, пабілі і пайшлі. Першыя два, святар і левіт, былі звязаны са служэннем у святыні. Трэці быў самаранінам – чужынцам і язычнікам. «У падобных сітуацыях Божы закон абавязваў дапамагчы таму, хто пакутуе, але святар і левіт прайшлі побач, нават не спыніўшыся», – заўважыў Папа. «Тут прыпавесць дае нам перш урок: той, хто наведвае Божы дом і ведае Божую міласэрнасць, не атрымлівае аўтаматычна здольнасці любіць бліжняга. Можна ведаць усю Біблію, усе літургічныя часткі, усю тэалогію, але гэтыя веды не робяць аўтаматычна здольным любіць: любоў мае іншы шлях», – падкрэсліў Пантыфік. Святы Айцец заўважыў, што святар і левіт бачылі, але праігнаравалі; паглядзелі і не дапамаглі. Паводле слоў Папы, насамрэч не можа існаваць сапраўднага культу, калі ён не ператвараецца ў служэнне бліжняму.
«Не будзем пра гэта забывацца ніколі: перад пакутамі вялікага мноства людзей, знясіленых голадам, насіллем і несправядлівасцю, мы не можам заставацца простымі гледачамі. Ігнараванне пакут чалавека азначае ігнараванне Бога!» - сказаў Папа Францішак. Пантыфік дадаў, што самаранін, ніякім чынам не звязаны з рэлігійным культам, злітаваўся над пакутуючым і аказаў яму дапамогу. «Сэрца самараніна было адпаведным сэрцу самога Бога. Сапраўды, “літасць” – гэта сутнасна важная рыса Божай міласэрнасці. Гэтае слова азначае, што ўсё нутро ўзрушваецца і пачынае дрыжэць перад абліччам чалавечага болю. У жэстах і ўчынках добрага самараніна мы можам распазнаць дзейнасць міласэрнага Бога ва ўсёй гісторый збаўлення», - заўважыў Святы Айцец. Папа Францішак падкрэсліў, што гэта тая ж літасць, з якой Пан выходзіць насустрач кожнаму чалавеку: Ён нас не ігнаруе, ведае наш боль, ведае, наколькі патрабуем дапамогі і суцяшэння, набліжаецца да нас і не пакідае ніколі. Паводле слоў Святога Айца, прыклад добрага самараніна дапамагае зразумець, што міласэрнасць павінна выражацца ў канкрэтных учынках на карысць бліжняга, нават калі гэта стварае нам пэўныя нязручнасці. «Самаранін дзейнічаў з сапраўднай міласэрнасцю: перавязаў раны гэтаму чалавеку, прывёз у заезд, асабіста паклапаціўся аб ім, заплаціў, каб яму аказалі дапамогу. Усё гэта нас вучыць, што спачуванне, любоў – не абстрактнае пачуццё, але клопат пра іншага чалавека, нават сваім асабістым коштам. Гэта значыць, што трэба паручыцца за іншага, робячы ўсе неабходныя крокі, каб “наблізіцца” да яго, аж да ўпадабнення яму: любі “бліжняга свайго, як самога сябе”. Вось запаведзь Пана», - сказаў Святы Айцец. Папа Францішак заклікаў не раздзяляць людзей на “бліжніх” і “нябліжніх” і ісці па жыцці шляхам добрага самараніна, якім з’яўляецца сам Езус Хрыстус. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |