30 красавіка Папа Францішак правёў пятую пазачарговую агульную аўдыенцыю, прымеркаваную да Года Міласэрнасці. Пантыфік прысвяціў яе прымірэнню, як важнаму аспекту Божай міласэрнасці. Аўдыенцыя была таксама прысвечана Юбілею ўзброеных сіл і паліцыі.
Папу слухалі на плошчы св. Пятра каля 60 тыс. вернікаў.
«Бог ніколі не адмаўляўся даць людзям сваё прабачэнне. Часта мы лічым, што нашы грахі аддаляюць нас ад Пана: на самой справе, робячы грахі, мы адыходзім ад Яго, але Ён, бачачы небяспеку, якая нам пагражае, тым больш выходзіць шукаць нас», — адзначыў Пантыфік.
«Бог ніколі не пагаджаецца з магчымасцю, каб чалавек заставаўся чужым для Яго любові, аднак пры ўмове, што знойдзе ў ім знак пакаяння па прычыне таго зла, якое зрабіў. Мы не можам прымірыцца з Богам толькі дзякуючы сваім уласным сілам. Грэх сапраўды з’яўляецца выразам адмовы ад Яго любові, а яго наступства – гэта закрытасць у самім сабе, памылковае меркаванне, што такім чынам мы можам знайсці большую свабоду і аўтаномію. Але, будучы далёка ад Бога, мы губляем мэту, і замест таго, каб быць пілігрымамі ў гэтым свеце, становімся “блукаючымі”», — сказаў Папа.
Грэшнік бачыць толькі сябе і, такім чынам, уяўляе сабе, што ён самадастатковы; такім чынам, грэх заўсёды павялічвае адлегласць паміж чалавекам і Богам, і гэта можа перарасці ў прорву, заўважыў Святы Айцец. Таму Езус прыходзіць да нас як добры пастыр, які не спыніцца, пакуль не знойдзе страчаную авечку; Ён наладжвае мост, які злучае нас з Айцом, і дазваляе нам адкрыць годнасць дзяцей, падкрэсліў Папа Францішак.
«Дазволім жа прымірыцца з Богам. Юбілей Міласэрнасці – гэта час прымірэння для ўсіх. Многія людзі хочуць паяднацца з Богам, але не ведаюць, як гэта зрабіць, або не адчуваюць сябе годным ці не хочуць прызнацца сабе ў гэтым. Хрысціянская супольнасць можа і павінна спрыяць шчыраму вяртанню да Бога тых, хто пакутуе ад смагі па Ім. Асабліва тыя, хто ажыццяўляе “служэнне паяднання”, закліканы быць паслухмянымі інструментамі Святога Духа. (…) Няхай ніхто не застаецца ў баку ад Бога з-за перашкод, учыненых людзьмі! Гэта асабліва датычыць спаведнікоў», — адзначыў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў святароў падчас сакрамэнту пакаяння «не ставіць перашкод перад людзьмі, якія хочуць паяднацца з Богам». Спавяднік павінен быць айцом, бо «займае месца Бога Айца», ён павінен прыняць чалавека сардэчна і дапамагчы яму на дарозе да прымірэння, дадаў Папа. Пантыфік выказаў спадзяванне, што Год Міласэрнасці стане часам адкрыцця патрэбы ў любові і блізкасці Айца і навяртання да Яго ўсім сэрцам.
Папа адзначыў, што досвед «дазваляе выявіць патрэбу ў іншых формах прымірэння» з Богам: у сем’ях, у адносінах, у касцёльных супольнасцях, а таксама ў грамадскіх і міжнародных адносінах. Пантыфік распавёў, што пачуў ад некага, што «ў свеце больш ворагаў, чым сяброў», і з жалем прызнаў, што гэты чалавек мае рацыю. «Колькі братоў пасварыліся і працягваюць спрэчкі толькі з-за спадчыны. Але гэта няправільна. Бягучы год – гэта час прымірэння з Богам і паміж сабой. Прымірэнне – гэта фактычна таксама служэнне міру, прызнанню асноўных правоў чалавека, салідарнасці і гасціннасць адносна ўсіх», — падкрэсліў Святы Айцец.
Папа заклікаў вернікаў «прыняць запрашэнне да прымірэння з Богам, каб стаць новым стварэннем і магчы выпраменьваць Яго міласэрнасць паміж братамі, паміж людзьмі».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|