Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Увесь тыдзень несці сведчанне, што Хрыстус з намі
Слова Папы
08.05.2016 20:53

Унебаўшэсце Пана – гэта ўнікальная падзея, пра якую хрысціяне павінны нагадваць свету і рабіць гэта паўсюль: на працы, у школе, у сям’і, адзначыў Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Regina Caeli» 8 мая.

«Сёння ў Італіі і ў іншых краінах мы адзначаем Унебаўшэсце Пана, што адбылося праз сорак дзён пасля Яго ўваскрасення, – нагадаў Папа. – Мы сузіраем таямніцу Езуса, які выходзіць з нашай зямной прасторы, каб увайсці ў хвалу Бога, несучы з сабой наша чалавецтва. Гэта азначае, што мы, наша чалавецтва ўпершыню трапляе на нябёсы. Евангелле паводле Лукі дэманструе нам рэакцыю вучняў адносна Пана, які “развітаўся з імі і ўзнёсся на неба” (Лк 24, 51). У іх не было ні болю, ні разгубленасці, “яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем” (Лк 24, 52). Гэта вяртанне тых, хто ўжо не баіцца горада, які адкінуў Настаўніка, які быў сведкам здрады Юды і адмаўлення Пятра, бачыў адыход вучняў і насілле ўладаў, якія адчувалі пагрозу для сябе.

З гэтага дня апосталы і ўсе вучні Хрыста атрымалі магчымасць заставацца ў Ерузалеме і ва ўсіх гарадах свету, нават самых змучаных несправядлівасцю і насіллем, бо над кожным горадам уздымаецца тое ж неба і кожны жыхар можа глядзець туды з надзеяй. Езус – гэта Бог і сапраўдны чалавек, і са сваім чалавечым целам Ён прабывае на нябёсах. І гэта наша надзея, наш якар, і мы моцныя гэтай надзеяй, калі глядзім на неба. У гэтым небе жыве Бог, які аб’явіў сябе настолькі блізка, што прыняў чалавечае аблічча, Езуса з Назарэта. Ён назаўсёды застаецца Богам-з-намі – давайце памятаць пра гэта: Эмануэль, Бог-з-намі – і Ён не пакіне нас! Мы можам глядзець увышыню, каб распазнаць нашу будучыню. Ва Унебаўшэсці Езуса, укрыжаванага і ўваскрослага, змяшчаецца абяцанне нашага ўдзелу ў паўнаце жыцця з Богам.

Перад тым, як расстацца са сваімі сябрамі, Езус, звяртаючыся да падзей сваёй смерці і ўваскрасення, сказаў ім: “Вы сведкі гэтага” (Лк 24, 48). Гэта азначае, што вучні – апосталы – сведкі смерці і ўваскрасення Хрыста, і ў гэты дзень – Яго Унебаўшэсця. І на самой справе, вучні, убачыўшы, што іх Пан ўзнёсся на нябёсы, вярнуліся ў горад як сведкі, якія з радасцю абвяшчалі ўсім новае жыццё, якое зыходзіць ад Уваскрослага Укрыжаванага, у імя якога “павінна абвяшчацца пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам” (Лк 24, 47). Такое сведчанне – якое здзяйсняецца не толькі на словах, але і ў штодзённым жыцці – павінна кожную нядзелю выходзіць з нашых касцёлаў, каб на ўвесь тыдзень застацца ў дамах, офісах, школах, месцах сустрэч і забаў, бальніцах, турмах, дамах састарэлых, месцах масавага збору мігрантаў, на ўскраінах гарадоў... Такое сведчанне мы павінны несці кожны тыдзень: Хрыстус з намі; Езус узнёсся на неба, але Ён з намі. Хрыстус жывы!

Езус запэўніў нас, што ў абвяшчэнні і ў сведчанні мы будзем “апрануты ў моц з вышыні” (Лк 24, 49), гэта значыць у сілу Святога Духа. У гэтым сакрэт гэтай місіі: прысутнасць у нашым асяроддзі Уваскрослага Пана, які праз дар Святога Духа працягвае адкрываць нашы розумы і нашы сэрцы, каб мы абвяшчалі Яго любоў і міласэрнасць у тым ліку ў найбольш неадчувальным асяроддзі нашых гарадоў. Святы Дух з’яўляецца рэальным стваральнікам разнастайнага сведчання, якое Касцёл і кожны ахрышчаны складае перад светам. Менавіта таму мы ніколі не можам грэбаваць засяроджанасцю на малітве, каб праслаўляць Бога і прасіць дар Святога Духа. На гэтым тыдні, які вядзе нас да Пяцідзясятніцы, мы духоўна застаемся ў вячэрніку, разам з Дзевай Марыяй, каб прыняць Святога Духа. Мы зробім гэта і цяпер, разам з вернікамі, якія сабраліся ў санктуарыі ў Пампеях на традыцыйным набажэнстве».

На заканчэнне сустрэчы Папа Францішак папрасіў усіх не забывацца маліцца за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.