Святы Дух вядзе Касцёл, але для многіх хрысціян Ён застаецца невядомым, адзначыў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 9 мая.
Каментуючы літургічнае чытанне з кнігі Дзеяў Апосталаў, Пантыфік спаслаўся на словы некаторых вернікаў з Эфеса: «Мы і не чулі, што ёсць Дух Святы». Таксама і сёння сустракаюцца людзі, якія вераць у Езуса Хрыста, але амаль нічога не ведаюць пра Святога Духа, заўважыў Папа.
Дух, аднак, гэта Той, хто вядзе Касцёл наперад, хто робіць кожнага хрысціяніна не падобным да іншага, але ў той жа час стварае адзінства, патлумачыў Папа. Святы Дух падштурхоўвае даваць сведчанне аб Езусе Хрысце, вучыць праслаўляць Бога і звяртацца да Яго, кажучы: «Ойча»; бароніць ад адчування сіроцтва, да якога дух гэтага веку жадае прывесці, сказаў Пантыфік.
Па словах Папы Францішка, менавіта Святы Дух дапамагае не звесці веру да маралі або этыкі. Нельга спыняцца на выкананні запаведзяў і больш нічога не рабіць, таму што хрысціянскае жыццё – гэта не этыка: гэта сустрэча з Езусам Хрыстом, падкрэсліў Пантыфік. Папа дадаў, што менавіта Святы Дух вядзе на гэтую сустрэчу.
Вельмі часта здараецца так, што вернікі не дазваляюць Яму ўзрушыць сябе: знявольваюць у сваім сэрцы, робячы з Яго «люксавага вязня», адзначыў Папа. Пантыфік заклікаў адкрыцца на Святога Духа, які здольны вучыць і тлумачыць усё, што казаў Езус, робіць сапраўднымі хрысціянамі, а адзінае, чаго не ўмее – гэта рабіць хрысціян «салонных» i віртуальных.
Напрыканцы гаміліі Папа Францішак заклікаў вернікаў паразважаць аб прысутнасці Святога Духа ў сваім жыцці і прасіць, каб Ён навучыў шляху свабоды і паслухмянасці.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|