Папа Францішак: Нават у самых цяжкіх сітуацыях Бог нас чакае |
Слова Папы |
11.05.2016 12:52 |
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 11 мая Папа Францішак заклікаў вернікаў быць «міласэрнымі, як Айцец». Каментуючы евангельскую прыпавесць пра блуднага сына (Лк 15, 11-32), Пантыфік заўважыў, што бацька ў ёй прадстае ў вобразе не абражанага і раздражнёнага чалавека, а таго, хто прымае ў абдымкі і чакае з любоўю. «Міласэрнасць айца — празмерная, нічым не абумоўленая і праяўляецца яшчэ перад тым, як сын пачаў гаварыць. Канешне, сын ведае, што памыліўся, і прызнае гэта: “Ойча, я зграшыў... прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. Але гэтыя словы рассейваюцца перад прабачэннем айца. Абдымкі і пацалунак ягонага бацькі дапамагаюць зразумець, што, нягледзячы ні на што, ён заўсёды лічыўся сынам. Гэты ўрок Езуса — важны: наш стан Божых дзяцей — гэта плён сардэчнай любові Айца; ён не залежыць ад нашых заслугаў і чынаў, і таму нас ніхто не можа яго пазбавіць, нават д’ябал. Ніхто нас не можа пазбавіць гэтай годнасці», — сказаў Папа. На думку Пантыфіка, гэтыя словы Езуса заахвочваюць ніколі не трапляць у роспач. «Я думаю пра маці і бацькаў, якія турбуюцца, калі бачаць, як іх дзеці аддаляюцца, становячыся на небяспечныя шляхі. Я думаю пра пробашчаў і катэхетаў, якія часам пытаюць сябе, ці не была іх праца дарэмнай. Думаю таксама пра тых, хто знаходзіцца ў турме і каму здаецца, што жыццё скончылася; пра тых, хто зрабіў памылковы выбар і не здольны глядзець у будучыню; пра ўсіх, хто прагне міласэрнасці і прабачэння і думае, што не заслугоўвае іх... У кожнай жыццёвай сітуацыі, я ніколі не павінен забываць, што з’яўляюся сынам Божым, сынам Айца, які мяне любіць і чакае майго вяртання. Нават у самых кепскіх жыццёвых сітуацыях Бог мяне чакае, жадае абняць», — адзначыў Пантыфік. Папа Францішак звярнуў увагу на паводзіны старэйшага сына, які заўсёды заставаўся ў доме айца і цяпер папракаў яго за тое, што той ніколі не даў нават казляняці, каб ён павесяліўся з сябрамі сваімі. «Бедны бацька! Адзін сын зышоў, а другі ніколі не быў яму па-сапраўднаму блізкі!» — сказаў Папа. «Старэйшы сын таксама мае патрэбу ў міласэрнасці. Тыя, хто лічыць сябе правільнымі, таксама патрабуюць міласэрнасці! Ён з’яўляецца вобразам нас, калі пытаем сябе, ці варта прыкладаць намаганні, калі потым не атрымаем нічога наўзаем. Езус нам нагадвае, што ў доме Айца застаюцца не для таго, каб атрымаць узнагароду, але таму, што маюць годнасць суадказных сыноў. Гаворка ідзе не пра тое, каб “гандлявацца” з Богам, а каб ісці за Езусам, які без меры падарыў самога сябе на крыжы», — падкрэсліў Святы Айцец. Малодшы сын лічыў, што заслугоўвае пакарання за свае правіны, а старэйшы — узнагароды за сваю службу. Логікай айца, аднак, з’яўляецца міласэрнасць, заўважыў Папа. «Два браты не размаўляюць паміж сабой, жывуць рознымі гісторыямі, але абодва думаюць згодна з чужой Езусу логікай: калі робіш добра — атрымаеш узнагароду, калі робіш кепска — будзеш пакараны. Гэта логіка падарвана словамі айца: “Цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. Айцец вярнуў згубленага сына, а зараз можа таксама вярнуць ягонага брата! Без малодшага і старэйшы сын перастане быць “братам”. Самая вялікая радасць айца ў тым, каб бачыць, што яго сыны прызнаюць сябе братамі», — сказаў Папа. Святы Айцец заўважыў, што напрыканцы прыпавесці застаецца невядома, які выбар зрабіў старэйшы сын: вырашыў далучыцца да радасці айца або адмовіцца ад яе. Папа выказаў перакананне, што гэта евангельскае апавяданне заклікае вернікаў увайсці ў дом Айца і ўдзельнічаць у Яго радасці, свяце міласэрнасці і братэрства, адкрыць сэрцы, каб быць міласэрнымі, як Ён. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |