Спагадлівасці, якая прадугледжвае суперажыванне, спачуванне і актыўную дапамогу іншаму чалавеку, Папа Францішак прысвяціў пазачарговую агульную аўдыенцыю, якая прайшла 14 мая ў Ватыкане ў рамках святкавання Юбілейнага Года.
Пантыфік нагадаў, што спагадлівасць – адзін з самых важных аспектаў міласэрнасці. «Мы павінны быць пільнымі і не суадносіць спагадлівасці з асабліва распаўсюджанай літасцю, якая з’яўляецца выключна павярхоўнай эмоцыяй і абражае годнасць іншага. Таксама спагадлівасць не павінна блытацца з літасцю, якую мы адчуваем да жывёл, што жывуць разам з намі. Насамрэч, здараецца так, што часам мы адчуваем яе да жывёл і застаемся абыякавымі да пакутаў братоў», - лічыць Папа.
Спагадлівасць – гэта праява Божай міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа, які Хрыстус дае сваім вучням, каб зрабіць іх здольным ісці за Божым натхненнем, звярнуў увагу Пантыфік. Папа Францішак нагадаў, што многія евангельскія хворыя, апантаныя, бедныя і пакутуючыя звярталіся да Езуса з заклікам: «Змілуйся». Хрыстус заўсёды адказваў ім міласэрнасцю і суцяшэннем.
«У гэтых закліках аб дапамозе ці просьбах аб спагадлівасці кожны выказваў таксама сваю веру ў Езуса, называючы Яго “Настаўнікам”, “Сынам Давіда” і “Панам”. Яны адчувалі, што ў Ім было штосьці надзвычайнае, што магло ім дапамагчы выйсці са стану смутку, у якім зны находзіліся. Яны распазнавалі ў Ім любоў самога Бога. І нават калі натоўп ціснуў на Яго, Езус звяртаў увагу на гэтыя заклікі аб спагадзе і напаўняўся спачуваннем, асабліва калі бачыў людзей пакутуючых, з параненай годнасцю, як у выпадку з жанчынай, хворай на крывацёк (пар. Мк 5, 32). Езус заклікаў іх давяраць Яму і Яго слову (пар. Ян 6, 48-55). Пачуццё спагады для Езуса адпавядае раздзяленню смутку з тымі, каго Ён сустракаў, але ў той жа час асабістаму дзеянню па перамяненні яго ў радасць», - сказаў Папа.
Па словах Святога Айца, спагадлівыя адносіны Хрыста да бліжніх з’яўляюцца заклікам і да вернікаў. «Таксама і мы пакліканы выхоўваць у сабе спагадлівае стаўленне перад шматлікімі жыццёвымі сітуацыямі, скідваючы з сябе абыякавасць, якая перашкаджае прызнаць патрэбы братоў, якія знаходзяцца побач, і вызваляючы сябе ад няволі матэрыяльнага дабрабыту», - падкрэсліў Папа.
Пантыфік заклікаў вернікаў углядацца ў прыклад Марыі, якая клапоціцца пра кожнага са сваіх дзяцей, з’яўляючыся сапраўднай «іконай» спагадлівасці.
Непасрэдна перад агульнай аўдыенцыяй Папа Францішак сустрэўся з групай хворых, якіх папрасіў аб малітве за сябе і за ўвесь Касцёл.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|