Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы заклікае быць закваскай адзінства, суцяшэння і любові, сказаў Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» ў Ватыкане 22 мая.
«Сёння, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, святое Евангелле паводле Яна змяшчае доўгую развітальную прамову, якую сказаў Езус незадоўга да сваёй мукі. У гэтай прамове Ён патлумачыў сваім вучням глыбокія праўды, якія тычацца Яго. У ёй вызначыліся адносіны паміж Езусам, Айцом і Духам Святым. Езус ведае, што Ён блізка рэалізацыі плану Айца, які здзейсніцца праз Яго смерць і ўваскрасенне. Таму Ён хоча запэўніць сваіх вучняў, што іх не пакіне, бо Яго місію будзе працягваць Святы Дух. Гэта Святы Дух будзе працягваць місію Езуса, значыць весці Касцёл у будучыню.
Езус падкрэслівае, у чым заключаецца гэтая місія. Перш за ўсё, Святы Дух дапамагае нам зразумець шматлікія рэчы, якія сам Езус яшчэ не сказаў (Ян 16, 12). Гэта не новыя або спецыяльныя дактрыны, але поўнае разуменне ўсяго таго, што Сын пачуў ад Айца і што перадаў сваім вучням (Ян 16, 15). Святы Дух накіроўвае нас у новыя жыццёвыя сітуацыі з позіркам на Езуса і, у той самы час, адкрыты да цяперашніх падзей і на будучыню. Ён дапамагае нам трывала хадзіць у гісторыі, будучы моцна ўкаранёнымі ў Евангеллі і таксама з дынамічнай вернасцю адносна нашых традыцый і звычаяў.
Але таямніца Святой Тройцы гаворыць таксама пра нас, нашы адносіны з Айцом, Сынам і Духам Святым. Праз хрост Святы Дух увёў нас у сэрца і жыццё самога Бога, які з'яўляецца аб'яднаннем любові. Бог — гэта “сям'я” трох Асобаў, якія любяць адзін аднаго так моцна, што ствараюць адно. Гэтая “боская сям'я” не замыкаецца ў сабе, але адкрытая, мае зносіны ў стварэнні і гісторыі і ўваходзіць ў свет людзей, каб клікаць усіх удзельнічаць у ёй. Трынітарны характар зносін ахоплівае нас усіх і заклікае нас жыць у любові і братнім абмене, будучы ўпэўненымі, што там, дзе ёсць любоў, — там ёсць Бог.
Тое, што мы створаны на вобраз і падабенства Бога, заклікае нас да ўсведамлення сябе саміх як істот у адносінах і перажывання іх у салідарнасці і ўзаемнай любові. Такія адносіны існуюць, перш за ўсё, у нашых касцёльных супольнасцях, таму што ў іх становіцца ўсё больш відавочным вобраз Касцёла, як іконы Святой Тройцы. Але яны існуюць у іншых сацыяльных адносінах, пачынаючы ад сям'і і заканчваючы асяроддзямі працы. Гэта канкрэтныя нагоды, якія нам дадзены, каб будаваць усё больш багатыя адносіны па-чалавечы, здольныя да ўзаемнай павагі і бескарыслівай любові.
Урачыстасць Святой Тройцы заклікае нас прымаць удзел у штодзённых мерапрыемствах, каб быць закваскай адзінства, суцяшэння і міласэрнасці. У гэтай місіі нас падтрымлівае сіла, якую дае нам Святы Дух: яна вылечвае цела чалавецтва, якое паранена несправядлівасцю, прыгнётам, нянавісцю і прагнасцю. Панна Марыя ў сваёй пакоры прыняла волю Айца і зачала Сына праз пасрэдніцтва Святога Духа. Няхай Яна, люстэрка Святой Тройцы, дапаможа нам умацаваць нашу веру ў трынітарную Таямніцу і ажыццяўляць яе ў жыцці рашэннямі і адносінамі любові і адзінства», — сказаў Папа.
На заканчэнне сустрэчы Пантыфік нагадаў, што 21 мая ў Казенцы (Італія) быў абвешчаны благаслаўлёным святар Франчэско Марыя Грэко, заснавальнік супольнасці Малых Супрацоўніц Святога Сэрца. На рубяжы ХІХ–ХХ ст. быў ён аніматарам рэлігійнага і сацыяльнага жыцця ў сваім горадзе Акры, дзе ажыццяўляў сваё плённае служэнне.
Таксама Папа заклікаў 24 мая духоўна аб'яднацца з вернікамі ў Кітаі, якія ў гэты дзень адзначаюць памяць Найсвяцейшай Панны Марыі Дапамогі хрысціян, якую ўшаноўваюць у санктуары Шэшан у Шанхаі. «Папросім Марыю, каб дала сваім дзецям у Кітаі здольнасць распазнаваць у кожнай сітуацыі знакі міласэрнай прысутнасці Бога, які заўсёды прымае і прабачае. Няхай у гэтым Святым Годзе Міласэрнасці кітайскія католікі, разам з паслядоўнікамі іншых высакародных рэлігійных традыцый, становяцца канкрэтнымі знакамі міласэрнасці і прымірэння. Такім чынам яны будуць спрыяць сапраўднай культуры сустрэчы і гармоніі ва ўсім грамадстве», — сказаў Святы Айцец.
Акрамя таго, Папа прывітаў групу албанскіх праваслаўных вернікаў, падзякаваўшы ім за іх экуменічнае сведчанне.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|