Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Служыць Пану азначае слухаць і спаўняць Яго слова
Слова Папы
09.06.2016 09:23

У Кане Галілейскай вучні Езуса становяцца Яго сям’ёй, тут нараджаецца вера Касцёла, заўважыў Папа Францішак на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 8 чэрвеня.

Каментуючы евангельскае апавяданне пра першы цуд Езуса (Ян 2, 1-11), Пантыфік заўважыў, што сваімі дзеяннямі Хрыстус імкнуўся не выклікаць здзіўленне, але «аб’явіць любоў Айца». Ён, па словах Папы, прадстае як абвешчаны прарокамі Жаніх Божага народу і выяўляе глыбіню адносін, якія нас яднаюць з Ім: новы Запавет любові.

«Што ляжыць у падмурку нашай веры? Учынак міласэрнасці, праз які Езус злучыў нас з сабой. І хрысціянскае жыццё з’яўляецца адказам на гэту любоў. Яно як гісторыя двух закаханых. Бог і чалавек сустракаюцца, шукаюць адзін аднаго, знаходзяць, радуюцца адзін аднаму і любяць: менавіта як каханы і каханая ў Песні песняў. Усё астатняе прыходзіць як наступства гэтых адносін. Касцёл з’яўляецца сям’ёй Езуса, на якую Ён вылівае сваю любоў. Менавіта гэту любоў Касцёл аберагае і хоча падарыць усім», — сказаў Святы Айцец.

Папа таксама звярнуў увагу на заўвагу Маці Божай з Евангелля: «Не маюць віна». «Вада патрэбна для жыцця, а віно выяўляе багацце вяселля і святочную радасць. Гэта было вяселле, на якім не хапіла віна, і маладыя сужэнцы саромеліся гэтага. Уявіце: завяршыць вяселле распіваннем гарбаты! Гэта быў бы сорам. Віно неабходна для свята. Ператвараючы ў віно ваду са збаноў, “пастаўленых для юдэйскага ачышчэння”, Езус здзейсніў красамоўны знак: перамяніў Закон Майсея ў Евангелле, якое нясе радасць. Як кажа ў іншым месцы той жа Ян: “Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста” (1, 17)», — заўважыў Пантыфік.

На вяселлі ў Кане Галілейскай, па словах Папы, «быў заключаны Новы Запавет, і слугам Пана, гэта значыць усяму Касцёлу, была даверана новая місія: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”».

«Служыць Пану азначае слухаць і спаўняць Яго слова. Гэта простая, але істотная парада Маці Езуса і праграма жыцця хрысціяніна. Для кожнага з нас чэрпаць са збану азначае даверыцца Божаму слову, каб спазнаць яго плённасць у жыцці. Тады разам з кіраўніком вяселля, які пакаштаваў вады, ператворанай у віно, таксама і мы можам усклікнуць: “Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль”. Так, Пан надалей захоўвае тое добрае віно для нашага збаўлення, і яно працягвае вылівацца з Яго прабітага боку»,  — адзначыў Папа.

На заканчэнне сваёй катэхезы Пантыфік заўважыў, што ў Кане Хрыстус «даў пачатак вяселлю, якое споўнілася ў пасхальнай таямніцы». Сюды, па словах Папы, запрошаны ўсе, а новага віна заўсёды будзе даволі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.