Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік заклікаў да ліквідацыі прычын дзіцячай працы
Слова Папы
12.06.2016 18:32

Перад малітвай «Анёл Панскі» 12 чэрвеня пасля Эўхарыстыі на заканчэнне «Юбілею людзей з абмежаванымі магчымасцямі і хворых» Папа Францішак узгадаў пра беатыфікацыі, выказаў надзею на эфектыўную барацьбу з праказай і заклікаў да барацьбы з дзіцячай працай.

Пантыфік нагадаў, што кс. Джакамо Абонда, чыя беатыфікацыя адбылася 11 чэрвеня, жыў у XVIII ст. і адзначаўся любоўю да Бога, адукаванасцю і блізкасцю да сваіх вернікаў. Папа павіншаваў італьянскую дыяцэзію Верчэлі, адкуль паходзіў святар і ў катэдральным касцёле якой адбылася беатыфікацыя.

Таксама Святы Айцец накіраваў віншаванні да жыхароў Манрэале (Сіцылія), паўднёвы прыгарад Палерма, дзе 12 чэрвеня прайшла беатыфікацыя сястры Караліны Сантаканале, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр Беззаганнай з Люрда. Папа нагадаў, што новая благаслаўлёная нарадзілася ў шляхецкай сям’і ў Палерма, але адмовілася ад выгод і стала беднай сярод бедных. У Хрысце і ў Эўхарыстыі яна шукала сілы для свайго духоўнага мацярынства і сваёй пяшчоты да самых слабых, дадаў Пантыфік.

Акрамя таго, Папа нагадаў, што ў кантэксце «Юбілею людзей з абмежаванымі магчымасцямі і хворых» у мінулыя дні ў Рыме праходзіла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная догляду за людзьмі, якія пакутуюць ад хваробы Хансена, або праказы. Святы Айцец падзякаваў арганізатарам і ўдзельнікам форуму і выказаў надзею на плённае ўзаемадзеянне ў барацьбе з гэтай хваробай.

У Сусветны дзень барацьбы з дзіцячай працай, які адзначаецца штогод 12 чэрвеня, Папа заклікаў да ліквідацыі прычын гэтай з’явы, якая пазбаўляе мільёны дзяцей асноўных правоў і падвяргае сур’ёзнай небяспецы.

Папа падзякаваў за прысутнасць усім пілігрымам, а асаблівым чынам тым, якія прыбылі ў Рым і Ватыкан, нягледзячы на хваробу або інваліднасць. Сваю сардэчную падзяку Пантыфік скіраваў таксама да ўрачоў і медыцынскіх работнікаў, якія працуюць у гэтыя дні ў мабільных «Пунктах здароўя», усталяваных ля чатырох папскіх базылік. Яны прынялі ў дні «Юбілею людзей з абмежаванымі магчымасцямі і хворых» сотні людзей, якія жывуць на ўскраіне Рыма.

Папа даверыў усіх Дзеве Марыі і папрасіў Яе суправаджаць кожнага на яго шляху.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.