Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: абыякавасць і варожасць робяць сляпымі і глухімі
Слова Папы
15.06.2016 18:00

Абыякавасць і варожасць робяць сляпымі і глухімі, перашкаджаюць бачыць братоў і не дазваляюць распазнаць у іх Пана, заўважыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 15 чэрвеня.

Пантыфік пракаментаваў евангельскае апавяданне пра тое, як Езус вярнуў зрок сляпому, што сядзеў пры дарозе, просячы міласціну (Лк 18, 35-43).

«У тую эпоху – а таксама і да нядаўняга часу – сляпы не мог жыць з чагосьці іншага, акрамя міласціны. Постаць гэтага сляпога прадстаўляе мноства людзей, якія таксама і сёння знаходзяцца на ўзбочыне па прычыне сваёй інваліднасці фізічнай або іншага роду. Ён быў аддзелены ад натоўпу, сядзеў там, пакуль людзі праходзілі, будучы вельмі занятымі, засяроджанымі ў сваіх думках; а дарога, якая можа быць месцам сустрэчы, была для яго месцам самотнасці», — сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што горад Ерыхон, у ваколіцах якога адбылася гэтая гісторыя, быў для Выбранага народу «ўваходнай брамай у абяцаную зямлю». Менавіта тут Майсей заклікаў ізраільцян быць уважлівымі да бедных і патрабуючых братоў.

«Існуе рэзкі кантраст паміж гэтым прадпісаннем Божага закона і сітуацыяй, апісанай у Евангеллі: у той час, як сляпы клікаў Езуса, людзі спрабавалі прымусіць яго змоўкнуць, нібыта ён не меў права прамаўляць. Не мелі спачування да яго, і нават больш за тое, адчувалі нязручнасць ад ягонага крыку. Часта, калі мы бачым на вуліцах патрабуючых, бедных людзей, якія не маюць чаго есці, адчуваем нязручнасць. Часта, калі апынаемся перад шматлікімі бежанцамі, адчуваем нязручнасць. Гэта спакуса, якую маем усе мы. Таксама і я! Таму Божае слова нагадвае нам, што абыякавасць і варожасць робяць сляпымі і глухімі, перашкаджаюць бачыць братоў і не дазваляюць прызнаць у іх Пана», — падкрэсліў Папа Францішак.

У адрозненне ад натоўпу, дадаў Пантыфік, сляпы бачыў вачыма веры; ён пазнаў у Езусе чаканага Месію, а Хрыстус вывеў яго з узбочыны дарогі і паставіў у цэнтр увагі сваіх вучняў і натоўпу, бо добрае абвяшчэнне прадугледжвае змяшчэнне ў цэнтр уласнага шляху таго, хто быў адчужаны.

«Праходжанне Пана — гэта сустрэча з міласэрнасцю, якая ўсіх збірае вакол Яго, каб дазволіць убачыць тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і суцяшэнні. Таксама і ў нашым жыцці Езус праходзіць. А калі праходзіць Езус, і я гэта разумею, гэта становіцца заклікам, каб наблізіцца да Яго, стаць лепшым, быць лепшым хрысціянам, ісці за Езусам», — сказаў Папа.

Адказаўшы на просьбу сляпога, Хрыстус вярнуў яму зрок. Дзякуючы сваёй веры той змог бачыць, а перш за ўсё адчуў сябе любімым Езусам, «пайшоў за Ім, славячы Бога», стаў Яго вучнем, адзначыў Святы Айцец.  

«Ад жабрака да вучня — таксама і гэта наш шлях: усе мы з’яўляемся жабракамі. Мы заўсёды маем патрэбу ў збаўленні. Усе мы штодня павінны рабіць гэты крок: ад жабракоў да вучняў. Так сляпы пачаў наследаваць Пана і далучыўся да Яго супольнасці. Той, каго хацелі прымусіць змоўкнуць, зараз гучным голасам сведчыць пра сваю сустрэчу з Езусам Назаранінам, і “ўвесь народ, убачыўшы гэта, узнёс хвалу Богу”. Адбыўся другі цуд: тое, што здарылася са сляпым, дапамагае таксама і народу нарэшце бачыць. Тое самае святло асвятляе ўсіх, яднаючы іх у малітве праслаўлення. Так Езус вылівае сваю міласэрнасць на ўсіх, каго Ён сустракае: кліча іх, дазваляе прыйсці да сябе, збірае, аздараўляе і асвятляе, ствараючы новы народ, які святкуе цуды Яго міласэрнай любові», — падкрэсліў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа Францішак заклікаў вернікаў дазволіць Езусу паклікаць, аздаравіць іх і прабачыць ім і быць гатовымі ісці за Ім.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.