Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Знак сапраўднага пакаяння — разумець патрэбы братоў і быць гатовым ісці ім насустрач
Слова Папы
18.06.2016 19:47

Пакаянню, якое ахоплівае сэрца і розум, Папа Францішак прысвяціў катэхезу 18 чэрвеня падчас пазачарговай агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Яна прайшла ў рамках Юбілейнага Года Міласэрнасці.

На пачатку сустрэчы прагучаў урывак з Евангелля паводле Лукі, у якім Езус заклікае вучняў абвяшчаць у Яго імя «пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам» (Лк 24, 45-48).

«Пасля свайго ўваскрасення Езус некалькі разоў аб’яўляўся сваім вучням, перш чым узыйсці да хвалы Айца. Евангельскі ўрывак, які мы выслухалі, апавядае пра адно з такіх аб’яўленняў, падчас якога Пан адкрыў фундаментальны змест прапаведвання, якое апосталы павінны несці свету. Можам абагульніць яго ў двух словах: “пакаянне” і “прабачэнне грахоў”. Гэта два якасныя аспекты міласэрнасці Бога, які ў сваёй любові клапоціцца пра нас. Сёння мы разгледзім пакаянне», — сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што пра пакаянне гаворка ідзе ва ўсёй Бібліі і асаблівым чынам у прапаведванні прарокаў, якія пастаянна заклікалі народ «вярнуцца да Пана», просячы ў Яго прабачэння і змяняючы лад жыцця. «Каяцца, паводле прарокаў, азначае змяніць жыццёвы кірунак і нанова звярнуцца да Пана, грунтуючыся на ўпэўненасці, што Ён нас любіць, а Ягоная любоў заўсёды верная», — падкрэсліў Папа.

«Езус зрабіў “пакаянне” першым словам свайго прапаведвання: “Кайцеся і верце ў Евангелле”, што значыць паглядзіце і вярніцеся назад, навярніцеся. З такім абвяшчэннем Ён з’явіўся перад народам, просячы прыняць Яго слова, як апошняе і канчатковай слова, з якім Айцец звяртаецца да чалавецтва. У параўнанні з прапаведваннем прарокаў, Езус яшчэ больш настойвае на ўнутраным вымярэнні пакаяння. У яго ўключана ўся асоба, сэрцам і розумам, каб стаць новым стварэннем, новай асобай. Змяняецца сэрца і абнаўляецца чалавек», — дадаў Святы Айцец.

Па словах Пантыфіка, Езус кліча да пакаяння не як суддзя, але з блізкасцю і дзяленнем чалавечага стану. «Міласэрнасць да тых, хто меў патрэбу ў змене жыцця, здзяйснялася з любячай прысутнасцю, каб уключыць кожнага ў Яго гісторыю збаўлення», — падкрэсліў Папа.

«Езус пераконваў людзей сваёй любоўю, і такім стаўленнем Ён дакранаўся да глыбінь іх сэрцаў і яны адчувалі сябе прывабленымі Божай любоўю і запрошанымі змяніць жыццё. Напрыклад, навяртанне Мацвея і Закхея адбылося менавіта такім чынам, бо яны адчулі сябе любімымі Езусам і праз Яго Айцом. Сапраўднае пакаянне адбываецца, калі мы прымаем дар ласкі; а ясным знакам яго сапраўднасці з’яўляецца тое, што мы разумеем патрэбы братоў і гатовы ісці ім насустрач», — сказаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа заклікаў не супраціўляцца закліку Пана да пакаяння, калі адчуваем патрэбу ва ўнутранай перамене, бо толькі адкрыўшыся на Божую міласэрнасць можна знайсці сапраўднае жыццё і сапраўдную радасць.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.