Місія хрысціяніна ў свеце скіравана да ўсіх, адзначыў Папа Францішак у разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» на ватыканскай плошчы 3 ліпеня.
«Сённяшні евангельскі ўрывак, узяты з дзясятага раздзела Евангелля паводле Лукі (10, 1-12.17-20), дапамагае нам зразумець, што неабходна заклікаць Бога, “Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё” (Лк 10, 2). “Работнікі”, пра якіх кажа Езус, з'яўляюцца місіянерамі Валадарства Божага, якіх Ён сам вызначаў і пасылаў “па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці” (Лк 10, 2). Іх заданнем было абвяшчаць пасланне збаўлення, якое было скіравана да ўсіх. Місіянеры, якія заўсёды абвяшчаюць пасланне збаўлення для ўсіх, — не толькі місіянеры, якія ідуць далёка; і мы ўсе, хрысціяне, таксама місіянеры, калі кажам добрае слова пра збаўленне. Гэта дар, які дае нам Езус разам са Святым Духам. І гэтае абвяшчэнне наступнае: “Наблізілася да вас Валадарства Божае” (Лк 10, 9), таму што Езус “наблізіў” да нас Бога; Бог стаў адным з нас, у Езусе Бог пануе сярод нас. Яго міласэрная любоў пераадольвае грэх і чалавечыя пакуты.
Гэтай Добрай Навіной, якую “работнікі” павінны данесці да ўсіх, з’яўляецца пасланне надзеі і суцяшэння, міру і любові. Калі Езус пасылаў сваіх вучняў перад сабою ў вёскі, Ён ім рэкамендаваў: “Спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!” …і аздараўляйце ў ім хворых” (Лк 10, 5.9). Усё гэта азначае, што Валадарства Божае будуецца з кожным днём і ўжо на гэтай зямлі прапануе свае плёны навяртання, ачышчэння, любові і суцяшэння. Гэта цудоўная рэч. Будаваць кожны дзень Божае Валадарства, не знішчаць, але будаваць.
У якім духу вучань Езуса будзе выконваць гэтую місію? У першую чаргу, ён павінен усведамляць цяжкую і часам варожую рэальнасць, якая яго чакае. Але Езус кажа ясна пра гэта: “Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў” (Лк 10, 3), — варожасць заўсёды з’яўляецца пачаткам пераследавання хрысціян, таму Езус ведае, што місіі будзе перашкаджаць праца сатаны. Таму работнік Евангелля будзе імкнуцца быць вольным ад усялякага роду чалавечых уплываў, не носячы ні каліты, ні торбы, ні сандаляў (Лк 10, 4), як гэта рэкамендаваў Езус, каб спадзявацца толькі на моц Крыжа Хрыстовага. Гэта азначае адмовіцца ад кожнай прычыны для асабістай хвалы, кар’ерызму ці славы ўлады і станавіцца сціплымі прыладамі збаўлення, якое здабыў сваёй ахвярай Езус, які памёр і ўваскрос дзеля нас.
Гэтая місія хрысціяніна ў свеце з’яўляецца цудоўнай: місія скіравана да ўсіх — місія служэння. Калі мы робім гэта, наша сэрца напаўняецца радасцю. І гэтая выява прымушае мяне думаць пра тое, што Касцёл радуецца, цешыцца, калі яго дзеці атрымліваюць Добрую Навіну, дзякуючы адданасці многіх мужчын і жанчын, якія штодня абвяшчаюць Евангелле: святары, тыя добрыя пастыры, якіх мы ўсіх ведаем, манахіні, кансэкраваныя асобы, місіянеркі і місіянеры, і я пытаюся: колькі з вас, маладыя людзі, якія зараз прысутнічаеце тут на плошчы, адчуваюць заклік Пана, каб ісці за Ім? Не бойцеся! Будзьце смелыя несці іншым гэтую паходню апостальскага запалу, якая была нам дадзена прыкладнымі вучнямі.
Будзем прасіць Пана, праз заступніцтва Панны Марыі, каб у Касцёле заўсёды было шмат шчодрых сэрцаў, якія працавалі б, каб давесці да ўсіх любоў і пяшчотнасць Нябеснага Айца», — сказаў Папа.
На заканчэнне сустрэчы Пантыфік папрасіў усіх не забывацца маліцца за яго.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|