Папа Францішак: «У канцы мы будзем асуджаны па справах міласэрнасці» |
Слова Папы |
10.07.2016 22:04 |
Добры cамаранін і яго стаўленне да іншага чалавека былі ў цэнтры ўвагі ў разважанні Папы Францішка 10 ліпеня перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра. Хрысціянская вера без сведчання — мёртвая, нагадаў Пантыфік. «Літургія прапануе нам сёння прыпавесць пра міласэрнага самараніна, узятую з Евангелля паводле Лукі (10, 25-37), — нагадаў Святы Айцец. — У простым і натхняльным апавяданні яна паказвае нам лад жыцця, цэнтрам цяжару якога з’яўляемся не мы самі, а іншыя са сваімі цяжкасцямі, людзі, з якімі мы сутыкаемся на нашым шляху і якія з’яўляюцца выклікам для нас. Іншыя, якія з’яўляюцца выклікам. І калі гэтыя іншыя не з’яўляюцца выклікам для нас, тут нешта не так; нешта ў гэтым сэрцы нехрысціянскае. Езус выкарыстоўвае гэтую прыпавесць у дыялогу з кніжнікам у адносінах да двайной запаведзі, якая дазваляе атрымаць вечнае жыццё: любіць Пана Бога ўсім сэрцам і бліжняга свайго, як самога сябе (Лк 10, 25-28). “Так – адказвае гэты кніжнік – але скажы, хто мой бліжні?” (Лк 10, 29). Таксама і мы можам задаць сабе гэтае пытанне: хто мой бліжні? Каго я павінен любіць, як самога сябе? Сваіх бацькоў? Сваіх сяброў? Сваіх землякоў? Тых, хто вызнае тую ж рэлігію, што і я? Хто мой бліжні? І Езус адказвае гэтай прыпавесцю. На чалавека па дарозе з Ерузалема ў Ерыхон напалі рабаўнікі, збілі і пакінулі. Тым жа шляхам праходзіў спачатку святар, а затым левіт, якія, бачачы параненага, не спыніліся і прайшлі міма (Лк 10, 31-32). Потым ішоў самаранін, гэта значыць адзін з жыхароў Самарыі, якімі пагарджалі юдэі, таму што яны не прытрымліваліся праўдзівай рэлігіі. І ўсё ж менавіта ён, убачыўшы гэтага няшчаснага бедняка, “злітаваўся: падышоў, перавязаў яму раны (...), прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім” (Лк 10, 33-34) і на наступны дзень даручыў апеку гаспадару, заплаціў за яго і сказаў, што аплоціць рэшту (Лк 10, 35). Няхай Дзева Марыя дапаможа нам рухацца па дарозе любові, любові велікадушнай у адносінах да іншых, па дарозе добрага самараніна. Няхай дапаможа нам жыць галоўнай запаведдзю, што Езус пакінуў нам. Гэта дарога, якая вядзе да вечнага жыцця». |