17 ліпеня ў разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» на ватыканскай плошчы Папа Францішак адзначыў, што не дастаткова толькі прыняць госця ў свой дом і клапаціцца пра яго матэрыяльныя патрэбы, але што і ў роўнай ступені трэба таксама яго выслухаць і зразумець.
«У сённяшнім Евангеллі евангеліст Лука расказвае пра Езуса, калі Ён падчас свайго падарожжа ў Ерузалем увайшоў у адну вёску і быў прыняты дзвюма сёстрамі: Мартай і Марыяй (Лк 10, 38-42). Яны абедзве прапанавалі гасціннасць Пану, але кожная па-свойму. Марыя села каля ног Езуса і слухала Яго словы (Лк 10, 39), калі Марта была занятая тым, каб падрыхтаваць да стала, і ў пэўны момант сказала Езусу: “Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне” (Лк 10, 40). І Езус ёй адказаў: “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе” (Лк 10, 41-42).
У сваёй мітусні і занятках Марце пагражае забыццё — гэта праблема — пра найважнейшыя справы, у гэтым выпадку пра Езуса. Забываецца пра самога госця. А госцю не дастаткова толькі служыць, накарміць яго, клапаціцца пра яго розным чынам. Трэба, перад усім, яго выслухаць. Запомніце гэтае слова: выслухаць. Таму што госць павінен быць выслуханы як асоба са сваёй гісторыяй, сэрцам, поўным пачуццяў і думак, так, каб ён сапраўды адчуваў сябе як дома. Але, калі прымаеш госця ў сваім доме і надалей робіш розныя рэчы, кажаш яму, каб сеў, пасля чаго ён маўчыць і ты маўчыш, — гэта так, як быццам бы ён быў з каменя, каменны госць. Не, госць павінен быць выслуханы. Вядома, адказ, які даў Езус Марце — калі ёй кажа, што важна толькі адно, — знаходзіць сваё поўнае значэнне ў дачыненні да слухання слова самога Езуса, таго Слова, якое асвятляе і падтрымлівае ў нас усе тое, кім мы з'яўляемся, і вызначае, што робім.
Калі мы прыходзім памаліцца, напрыклад, перад крыжам, і гаворым, гаворым і пасля адыходзім, то мы не слухаем Езуса. Не дазваляем, каб Ён прамаўляў да нашага сэрца. Слухаць — гэта ключавое слова. Не забывайце пра гэта.
І мы не павінны забывацца, што таксама ў доме Марты і Марыі Езус з’яўляецца не толькі Панам і Настаўнікам, але і пілігрымам і госцем. Такім чынам, Яго адказ мае першы і непасрэдны сэнс: “Марта, Марта, чаму так шмат клапоцішся пра госця, што нават забываеш пра яго прысутнасць? Каменны госць. Каб сапраўды прыняць яго, не трэба шмат: патрэбна толькі адно: выслухаць Яго — гэтае слова: выслухаць Яго, паказаць яму братэрскі прыём, так, каб ён адчуў сябе ў сям'і, а не ў часовым прытулку”. Зразуметая такім чынам гасціннасць з'яўляецца адным з учынкаў міласэрнасці, чалавечай і хрысціянскай дабрачыннасцю, якая ў сённяшнім свеце здаецца занядбанай. Ствараюцца шматлікія дамы апекі і хоспісы, але не заўсёды ў гэтых установах існуе сапраўдная гасціннасць. Узнікаюць розныя ўстановы, якія клапоцяцца пра розныя формы хвароб, адзіноты, маргіналізацыі, але ў той жа час памяншаецца шанс, каб чужаземец, адкінуты ці выключаны, знайшоў кагосьці, хто быў бы гатовы яго выслухаць, таму што ён з'яўляецца чужаземцам, бежанцам, мігрантам, няма нікога побач, каб выслухаць гэтую балючую гісторыю. Нават у сваім доме, сярод сваіх найбліжэйшых асобаў, можа здарыцца, што лягчэй знайсці розныя паслугі і тэрапіі рознага роду, чым слуханне і прыняцце.
Сёння мы так занятыя, жывём у такой мітусні, са столькімі праблемамі, з якіх частка не такая ўжо важная, што нам не хапае здольнасці слухання. Мы пастаянна занятыя і не маем часу, каб слухаць. Я хацеў бы задаць вам адно пытанне, няхай кожны адкажа на яго ў сваім сэрцы: ці маеш ты, муж, час на выслухоўванне сваёй жонкі? А ты, жанчына, ці маеш час выслухаць свайго мужа? А вы, бацькі, маеце час, “страчаны” час , каб выслухаць сваіх дзяцей? Або сваіх бабулю і дзядулю, пажылых людзей? “Але бабуля і дзядуля заўсёды кажуць адно і тое ж, яны нудныя”. Не, яны абавязкова павінны быць выслуханымі. Прашу вас, каб вы навучыліся слухаць і ахвяроўваць больш часу людзям. У здольнасці слухання знаходзіцца корань міру.
Панна Марыя, Маці слухання і ўважлівага служэння, навучы нас адкрытасці і гасціннасці для нашых братоў і сясцёр», — сказаў Папа.
Пасля малітвы Пантыфік удзяліў усім сабраным на плошчы св. Пятра сваё благаслаўленне і папрасіў усіх не забывацца маліцца за яго самога.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|