Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 3 жніўня Святы Айцец нагадаў, што нагодай для візіту сталі Сусветныя дні моладзі, які прайшлі праз 25 гадоў пасля аналагічнай сустрэчы ў Чэнстахове.
Папа заўважыў, што з таго часу змянілася Польшча, Еўропа і ўвесь свет, але новае пакаленне ўдзельнікаў форума «дало адказ на сённяшні выклік, дало знак надзеі, які называецца братэрствам».
«Яшчэ адзін раз яны адказалі на заклік: прыбылі з усяго свету, а некаторыя дагэтуль знаходзяцца там. Гэта было свята колераў, розных абліччаў, моваў, гісторый. Я не ведаю, як у іх атрымліваецца: яны размаўляюць на розных мовах, але разумеюць адзін аднаго! Чаму? Таму што маюць жаданне ісці разам, будаваць масты, братэрства! Яны прыйшлі са сваімі ранамі, пытаннямі, але перш за ўсё з радасным жаданнем сустрэцца, і яшчэ раз утварылі мазаіку братэрства. Эмблематычны вобраз форума – гэта шматкаляровае мора ўзнятых моладдзю сцягаў: сапраўды, на Сусветных днях моладзі сцягі краін становяцца яшчэ прыгажэйшымі, можна сказаць, яны “ачышчаюцца”, і нават сцягі канфліктуючых краін развяваюцца побач. Гэта цудоўна!» — сказаў Пантыфік.
Святы Айцец адзначыў, што сёлетняя сустрэча праходзіла ў кантэксце Юбілею Міласэрнасці. Папа таксама ўзгадаў пра памерлую ў Вене маладую ўдзельніцу Сусветных дзён моладзі Сюзану Руфі з Рымскай дыяцэзіі і італьянскую журналісткуАнну Марыю Якабіні, якая адышла ў вечнасць у Кракаве.
Каментуючы іншыя этапы свайго прабывання ў Польшчы, Пантыфік асаблівым чынам адзначыў візіт у санктуарый Маці Божай у Чэнстахове, дзе пад позіркам Марыі мог зразумець духоўны сэнс шляху польскага народа, «гісторыя якога непарыўным чынам звязана з крыжам Хрыста».
«Тут можна дакрануцца рукой да веры святога народа, вернага Богу, які захоўвае надзею ў выпрабаваннях, а таксама мудрасць, якой з’яўляецца раўнавага паміж традыцыяй і інавацыямі, памяццю і будучыняй. Польшча сёння нагадвае ўсёй Еўропе, што не можа быць будучыні для кантынента без яго асноватворных каштоўнасцяў, якія, са свайго боку, маюць у цэнтры хрысціянскае бачанне чалавека. Сярод гэтых каштоўнасцяў знаходзіцца міласэрнасць, асаблівымі апосталамі якой былі двое вялікіх дзяцей польскай зямлі: св. Фаўстына Кавальская і св. Ян Павел ІІ» — падкрэсліў Пантыфік.
Папа звярнуў увагу таксама на глабальнае вымярэнне сваёй пілігрымкі. Свет, па словах Пантыфіка, пакліканы адказаць на заклік пагражаючай яму «фрагментарнай» вайны, і ў гэтым кантэксце Святы Айцец нагадаў пра значэнне маўчання падчас візіту ў «Аўшвіц-Біркенаў».
«У гэтым маўчанні я слухаў, я чуў прысутнасць ўсіх душаў, якія тут загінулі. Я адчуў спагаду, Божую міласэрнасць, якую некаторыя святыя душы здолелі прынесці таксама і ў гэтае пекла. У гэтым вялікім маўчанні я маліўся за ўсіх ахвяр насілля і вайны. І тут, у гэтым месцы, я больш, чым калі-небудзь, усвядоміў каштоўнасць памяці, не толькі як успаміну пра падзеі мінулага, але і як папярэджання і адказнасці за сёння і заўтра, каб зерне нянавісці і насілля не ўкаранілася ў баразне гісторыі», — сказаў Папа.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 4 жніўня ў Каталіцкім Касцёле будзе адзначацца ўспамін апекуна святароў і пробашчаў — св. Яна Марыі Віянэя. Папа заклікаў вучыцца ад гэтага дбайнага пастыра пакоры, даверу Богу і мужнаму сведчанню веры.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|