Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: «Чаканне сустрэчы з Панам павінна падштурхоўваць да жыцця, багатага на добрыя ўчынкі»
Слова Папы
07.08.2016 23:44

«Менавіта наша надзея на атрыманне Валадарства ў вечнасці падштурхоўвае нас паляпшаць умовы зямнога жыцця, асабліва самых слабых братоў», — адзначыў Папа Францішак перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 7 жніўня.

«На сённяшняй старонцы Евангелля Езус кажа сваім вучням пра пазіцыю, якую трэба заняць у святле апошняй сустрэчы з Ім, і тлумачыць, як чаканне гэтай сустрэчы павінна падштурхоўваць да жыцця, багатага на добрыя ўчынкі, — сказаў Пантыфік. — Між іншым Ён кажа: “Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць”. Гэта заклік ацаніць міласціну ў якасці ўчынку міласэрнасці, не пакладаць надзеі на ілюзорнае, карыстацца рэчамі без прывязанасці і эгаізму, але згодна з логікай Бога, логікай увагі да іншых, логікай любові. Мы можам быць вельмі прывязанымі да грошай, мець шмат рэчаў, але напрыканцы не зможам іх унесці з сабой. Памятайце, што “пахавальны саван не мае кішэняў”.

Навучанне Езуса працягваецца трыма прыпавесцямі на тэму чування. Гэта важна: чуваць, быць уважлівымі, быць пільнымі да жыцця. Першая – гэта прыпавесць пра слугаў, якія ноччу чакалі вяртання гаспадара. “Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе”: благаслаўленнем з’яўляецца чаканне Пана з верай, трыванне ў гатоўнасці, у паставе служэння. Ён прыходзіць штодзённа, стукае ў дзверы нашага сэрца. Шчаслівым будзе той, хто адкрые Яму, бо атрымае вялікую ўзнагароду: сапраўды, сам Пан стане слугой сваіх слугаў; на вялікім вяселлі ў сваім Валадарстве Ён сам пройдзе, служачы ім. З дапамогай гэтай прыпавесці, падзеі якой адбываюцца ноччу, Езус паказвае жыццё ў якасці дзейснага чування, якое папярэднічае светламу дню вечнасці. Каб дасягнуць яе, трэба быць гатовымі, чулымі і занятымі служэннем іншым, у суцяшаючай надзеі, што “там” больш не будзем мы служыць Богу, а Ён сам прыме нас за сваім сталом. Падумаем добра, што так ужо адбываецца кожны раз, калі сустракаем Пана ў малітве або служэнні бедным і перш за ўсё ў Эўхарыстыі, дзе Ён рыхтуе вячэру, каб насыціць нас сваім словам і Целам.

Вобраз другой прыпавесці – гэта нечаканае прыйсце злодзея. Яно патрабуе ад нас чування, і таму Езус заклікае: “І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы”. Вучань – гэта той, хто чакае Пана і Яго Валадарства.

Евангелле робіць больш яснай гэтую перспектыву з дапамогай трэцяй прыпавесці: пра эканома дома пасля адыходу гаспадара. У першым прыкладзе эканом верна выконвае свае абавязкі і атрымлівае ўзнагароду. У другім жа эканом злоўжывае сваёй уладай і б’е слугаў, таму пасля вяртання гаспадара будзе пакараны. Гэтая сцэна апісвае сітуацыю, якая паўтараецца і ў нашы дні: мноства несправядлівасцяў, насілля і штодзённых кепскіх учынкаў нараджаюцца з ідэі паводзіць сябе як гаспадары жыцця іншых. Мы маем толькі аднаго Пана, якому не падабаецца, калі Яго называюць “гаспадар”, але “Айцец”. Мы ўсе слугі, грэшнікі і дзеці: Ён – адзіны Айцец.

Езус нагадвае нам сёння, што чаканне вечнага благаслаўлення не вызваляе нас ад абавязку чыніць свет больш справядлівым і прыдатным для жыцця. Больш за тое, менавіта наша надзея на атрыманне Валадарства ў вечнасці падштурхоўвае нас паляпшаць умовы зямнога жыцця, асабліва самых слабых братоў. Панна Марыя няхай дапаможа нам быць асобамі і супольнасцямі, не прывязанымі да сучаснасці ці, яшчэ горш, настальгіруючымі па мінулым, але адкрытымі на будучыню Бога, на сустрэчу з Ім, нашым жыццём і нашай надзеяй. Гэта Ён!»

Пасля малітвы Папа Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і ўдзяліў сабраным благаслаўленне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.