Сустрэча міласэрнасці Бога з пакутамі чалавецтва была тэмай катэхезы
Папы Францішка на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 10 жніўня. Пантыфік
спаслаўся на евангельскі ўрывак пра ўваскрашэнне Езусам сына ўдавы з
Наіна (Лк 7, 12-16). «Сэрцам гэтага апавядання з’яўляецца не цуд, але спагада Езуса да маці гэтага юнака. Міласэрнасць тут набывае імя спачування да жанчыны, якая згубіла мужа і зараз суправаджае на могілкі свайго адзінага сына. Гэты вялікі боль маці ўзрушвае Езуса і правакуе Яго на здзяйсненне цуду ўваскрашэння», — заўважыў Святы Айцец.
Папа падкрэсліў, што менавіта міласэрнасць і спагада да жанчыны падштурхнулі Хрыста да такога надзвычайнага жэсту. «”Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: “Не плач!” І, падышоўшы, дакрануўся да насілак”. Вялікае спачуванне кіруе ўчынкамі Езуса: Ён спыніў працэсію, дакрануўшыся да насілак, і, кіруючыся глыбокай міласэрнасцю да гэтай маці, вырашыў паўстаць супраць смерці, калі так можна сказаць, тварам у твар. Затым Ён канчаткова паўстане супраць яе на крыжы», — адзначыў Пантыфік.
Папа заклікаў вернікаў памятаць пра ўваскрашэнне Хрыстом юнака з Наіна, калі яны будуць праходзіць праз Святыя дзверы, несучы з сабой уласныя радасці і пакуты, задумы і няўдачы, сумнівы і страхі.
«Гэта дзверы сустрэчы паміж пакутамі чалавецтва і спачуваннем Езуса. Падумаем пра гэта: сустрэча паміж пакутамі чалавецтва і спачуваннем Езуса. Пераступіўшы іх парог, мы здзяйсняем пілігрымку ўнутр міласэрнасці Бога, які, як памерламу юнаку, паўтарае ўсім: “Кажу табе, устань!” Кожнаму з нас Ён кажа: “Устань!” Бог хоча, каб мы стаялі на нагах. Ён стварыў нас для гэтага. (...) Праходзячы праз Святыя дзверы, будзем спрабаваць пачуць у нашым сэрцы гэтае слова: “Устань!” Моцнае слова Езуса можа дапамагчы нам ўзняцца і ажыццявіць пераход ад смерці да жыцця. Яго слова ажыўляе нас, дорыць надзею, падбадзёрвае стомленыя сэрцы, адкрывае на такое бачанне свету і жыцця, якое сягае далей за пакуты і смерць. На Святых дзвярах для кожнага з нас выгравіраваны невычэрпны скарб Божай міласэрнасці!» — заўважыў Святы Айцец.
Папа пажадаў вернікам, каб сустрэча з міласэрнасцю Пана, якая вядзе да збаўлення і дае новае жыццё, падштурхоўвала да ўчынкаў міласэрнасці. «Міласэрнасць — гэта шлях, пракладзены ад сэрца да рук!» — сказаў Пантыфік.
Вітаючы вернікаў, Папа звярнуў увагу на актуальнасць вучэння св. Дамініка, успамін якога Касцёл адзначаў два дні таму. Заснаваны ім Ордэн прапаведнікаў адзначае сёлета 800-годдзе з дня зацвярджэння. «Няхай мудрыя словы вялікага святога стымулююць вас, маладыя людзі, слухаць і жыць вучэннем Езуса, няхай яго ўнутраная сіла духу падтрымлівае вас, дарагія хворыя, у хвіліны смутку, а яго апостальская адданасць нагадвае вам, маладыя сужэнцы, пра важнасць хрысціянскага выхавання ў вашай сям’і», — пажадаў Пантыфік.
У агульнай аўдыенцыі прынялі ўдзел каля 9 тыс. чалавек. Па прычыне спякотнага надвор’я яна праходзіла не на плошчы св. Пятра, а ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|