Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Езус жадае, каб агонь Святога Духа загарэўся ў нашых сэрцах
Слова Папы
14.08.2016 18:38

14 жніўня перад малітвай «Анёл Панскі» ў Ватыкане Папа Францішак разважаў над чытаннем Евангелля на гэтую нядзелю, дзе Езус звяртаецца да вучняў са словамі, якія падкрэсліваюць, што Касцёлу патрэбны не бюракраты, а місіянеры суцяшальнага паслання міласэрнасці.

«Евангелле гэтай нядзелі (Лк 12, 49-53) належыць да вучэння Езуса, звернутага да вучняў падчас Яго ўезду ў Ерузалем, дзе Яго чакае смерць на крыжы, — нагадаў Папа. — Для таго, каб паказаць мэту сваёй місіі, Ён выкарыстоўвае тры вобразы: агню, хросту і раздзялення. Сёння я хацеў бы пагаварыць пра першы вобраз — агню.

Езус выказвае гэта словамі: “Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся” (Лк 12, 49). Агонь, пра які кажа Езус, — гэта агонь Святога Духа, жывая і дзейсная ў нас з дня нашага хросту прысутнасць. Гэты агонь, творчая сіла, якая ачышчае і амалоджвае, спальвае ўсе чалавечыя пакуты, увесь эгаізм, увесь грэх, ператвараючы нас знутры, рэгенеруе і робіць нас здольнымі любіць. Езус жадае, каб Святы Дух загарэўся ў нашых сэрцах, як агонь, таму што толькі ад сэрца — звярніце ўвагу на гэта: толькі ад сэрца — агонь любові можа пашырацца і выклікаць развіццё Божага Валадарства. Не пачынаецца ў галаве, але ідзе ад сэрца. Вось чаму Езус жадае, каб агонь прыйшоў у нашыя сэрцы.

Калі мы адкрыемся цалкам на дзеянне Святога Духа, Ён дасць нам адвагу і энтузіязм, каб абвяшчаць усім Езуса і Яго суцяшальнае пасланне міласэрнасці і збаўлення, выплываючы ў мора, без страху. Гэты агонь пачынаецца ў сэрцы. Касцёл, а значыць мы ўсе, выконваючы сваю місію ў свеце, мае патрэбу ў дапамозе Святога Духа, каб яго не абмяжоўваў страх і карыслівасць, каб ён не прывыкаў да хады ў абшары бяспечных межаў. Гэтыя два стаўленні вядуць Касцёл да функцыянерства, пазбягання рызыкі. У той час як апостальская мужнасць, што запальвае Святы Дух у нас, як агонь, дапамагае нам пераадольваць перашкоды і муры, робіць творчымі і стымулюе выйсці і крочыць шляхамі недаследаванымі і нязручнымі, даючы надзею тым, каго сустракаем.

З гэтым агнём Святога Духа мы пакліканы станавіцца ўсё больш і больш супольнасцю людзей, якіх вядзе і пераўтварае Святы Дух, поўных разумення, з шырокім сэрцам і радасным тварам. Больш, чым калі-небудзь, нам патрэбны святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі з пільным поглядам апостала, каб усхвалявацца і спыніцца пры цяжкасцях і матэрыяльнай і духоўнай галечы, такім чынам, надаючы характэрную рысу шляху евангелізацыі і місіі ацаляючым рытмам блізкасці. Гэты агонь Святога Духа вядзе нас да таго, каб стаць бліжэй да іншых людзей, якія пакутуюць, якія жывуць у нястачы, многіх чалавечых бед, шматлікіх праблем, бежанцаў, мігрантаў, людзей у цяжкасцях. Гэта ўсё той агонь, які зыходзіць з сэрца. Агонь.

Зараз я думаю, перш за ўсё, пра шматлікіх святароў, манахаў і свецкіх вернікаў, якія па ўсім свеце прысвячаюць сябе з вялікай любоўю і адданасцю абвяшчэнню Евангелля, часта нават коштам жыцця. Іх узорнае сведчанне нагадвае нам пра тое, што Касцёл мае патрэбу не ў бюракратах і працавітых функцыянерах, а ў адданых місіянерах, паглынутых стараннасцю прынесці ўсім суцяшальныя словы Езуса і Яго ласкі. Гэта агонь Святога Духа. Калі Касцёл не атрымлівае яго ці не дазваляе, каб ён увайшоў унутр, стане Касцёлам халодным ці толькі прахалодным, няздольным даваць жыццё, бо яго будуюць хрысціяне халодныя або прахалодныя. Варта прысвяціць сёння пяць хвілін, каб кожны з нас задаў сабе пытанне: як выглядае маё сэрца, яно халоднае ці прахалоднае, або, магчыма, яно ў стане прыняць гэты агонь? Прысвецім на гэта пяць хвілін. Гэта будзе карысна для ўсіх нас.

Будзем прасіць Панну Марыю, каб малілася разам з намі і за нас да Нябеснага Айца, каб паслаў да ўсіх вернікаў Святога Духа, Боскі агонь, які запальвае сэрцы і дапамагае нам быць салідарнымі з радасцямі і пакутамі нашых братоў. Няхай умацоўвае нас на нашым шляху прыклад св. Максімільяна Кольбэ, мучаніка любові, успамін якога адзначаецца сёння. Няхай ён навучыць нас жыць агнём любові да Бога і бліжняга».

Пасля малітвы Пантыфік прывітаў вернікаў і папрасіў іх маліцца за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.