Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Унебаўзяцце Марыі — вялікая таямніца, якая тычыцца кожнага з нас»
Слова Папы
15.08.2016 21:31

На трагедыю жанчын, прыгнечаных цяжарам жыцця, драмай гвалту, фанабэрыстасцю магутных гэтага свету, нечалавечымі ўмовамі працы, звярнуў увагу Папа Францішак у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» ў Ватыкане 15 жніўня.

«Евангелле (Лк 1, 39-56) сённяшняй урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі апісвае сустрэчу Марыі з Яе сваячкай Альжбетай, падкрэсліваючы, што Яна “паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды” (Лк 1, 39). У тыя дні Марыя пабегла ў невялікае мястэчка недалёка ад Ерузалема, каб сустрэцца з Альжбетай. Сёння мы сузіраем Яе на шляху да Нябеснага Ерузалему, каб, нарэшце, сустрэць аблічча Айца і яшчэ раз убачыць твар свайго Сына, Езуса. Шмат разоў у сваім жыцці на зямлі Яна праходзіла праз горныя мясціны, у тым ліку апошні балесны этап Галготы, звязаны з таямніцай мукі Хрыста. Цяпер мы бачым, як Яна ўзбіраецца на гару Божую, “апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі яе, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак”, як кажа Кніга Апакаліпсіса (12, 1), і пераступае парог нябеснай радзімы.

Яна першай паверыла ў Сына Божага і з’яўляецца першай з нас, якая была з душой і целам узята на нябёсы. Як першая Яна прыняла і ўзяла ў рукі Езуса, калі Ён быў яшчэ дзіцём, і першая, якая была прынята ў Яго руках, каб увайсці ў вечнае Валадарства Айца. Марыя, пакорная і простая дзяўчына са згубленай мясцовасці на ўскраіне імперыі, дзякуючы таму, што прыняла і жыла Евангеллем, была прынята Богам, каб назаўжды стаяць каля пасаду Сына. Такім чынам, Пан скідвае магутных з трону і ўзвышае пакорных (Лк 1, 52).

Унебаўзяцце Марыі — гэта вялікая таямніца, якая тычыцца кожнага з нас, тычыцца нашай будучыні. Марыя папярэднічае нам на дарозе, якой пайшлі тыя, хто праз хрост звязаў сваё жыццё з Езусам, як і Марыя з Ім звязала сваё жыццё.

Сённяшняя ўрачыстасць запрашае нас паглядзець на нябёсы і абяцае “новае неба і новую зямлю”, разам з перамогай уваскрослага Хрыста над смерцю і канчатковай паразай зла. Таму радасць сціплай дзяўчыны з Галілеі, выяўленая ў песні “Магніфікат”, становіцца песняй усяго чалавецтва, што радуецца, бачачы Пана, які схіляецца над усімі мужчынамі і жанчынамі, сціплымі стварэннямі, і забірае іх з сабой на нябёсы. Пан схіляецца над пакорнымі, каб падняць іх, і мы чулі гэта ў “Магніфікаце”, песні Марыі.

Спеў Марыі прымушае нас падумаць пра многія бягучыя балесныя сітуацыі, асабліва пра жанчын, прыгнечаных цяжарам жыцця і драмай гвалту, пра жанчын, зняволеных фанабэрыстасцю магутных, пра дзяўчынак, прымушаных да нечалавечай працы, жанчын, вымушаных цялесна і духоўна паддавацца пажадлівасці мужчын. Няхай як мага хутчэй прыйдзе да іх пачатак жыцця ў міры, справядлівасці, любові, у чаканні таго дня, калі, нарэшце, адчуюць сябе злоўленымі ў рукі, якія не зневажаюць, але з пяшчотай падымаюць іх і вядуць дарогай жыцця, да нябёсаў. Марыя, жанчына, дзяўчына пакутавала шмат у сваім жыцці. Яна прымушае нас падумаць аб тых жанчынах, якія моцна пакутуюць. Я малюся да Пана, каб Ён сам вёў іх сваёй рукой дарогай жыцця і выбавіў іх ад рабства.

А цяпер давайце з даверам звернемся да Марыі, салодкай Каралевы неба, і будзем прасіць Яе: “Дапамажы нам весці жыццё чыстае, сцялі нам бяспечны шлях, бачыць дай Езуса, мець у Ім радасць вечную”», — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік пажадаў добрага свята ўсім прысутным на плошчы св. Пятра, а таксама ўсім вернікам, якія знаходзяцца зараз на адпачынку, тым, хто не змог паехаць адпачываць, і асаблівым чынам хворым і адзінокім.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.